ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК У ШКЛОВЕ

Марыя Ўсьціновіч, Шклоў

Папераджальны страйк адбыўся зь ініцыятывы прафсаюзнага камітэту і рабочых. Людзі, якія сабраліся раніцай перад прахадной прадпрыемства (а іх было, паводле падлікаў назіральнікаў, ня менш за паўсотні чалавек), прынялі зварот да раённых уладаў.

У ім выказваецца нязгода з умовамі, на якіх мяркуецца праводзіць аб’яднаньне арганізацыяў, якія займаюцца абслугоўваньнем сельскіх гаспадарак. Справа ў тым, што ўсе раённыя структры — сяльгасхімія, аграснаб ды іншыя — зьяўляюцца стратнымі і неплацёжаздольнымі. Рашэньне пра іхнае аб’яднаньне зыходзіць з ураду, працэс рэфармаваньня павінен завершыцца да 2 красавіка.

Аднак рабочыя Шклоўскай раённай аграпрамтэхнікі, якая цяпер зьяўляецца акцыянэрным таварыствам, мяркуюць, што новыя арганізацыі мусяць далучацца да іх як новыя акцыянэры на законных падставах, а ня проста сабраць адміністратыўным чынам усе матэрыяльныя рэсурсы і людзей ды пачаць называцца па-новаму.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, яшчэ нядаўна у арганізацыях, якія абслугоўваюць сельскія гаспадаркі Магілёўскай вобласьці, працавала каля 6 тысячаў чалавек. Цяпер — крыху больш за 5 тысячаў. Аднак у плянах кіраўніцтва вобласьці пры ўтварэньні агракамбінатаў скараціць яшчэ тысячу чалавек. А працаўладкавацца ў сельскіх раёнах вельмі цяжка. Таму людзей ня могуць не хваляваць будучыя скарачэньні.

Акрамя гэтага, рабочыя Шклоўскай аграпрамтэхнікі пратэстуюць супраць кандыдатуры кіраўніка аб’яднанага агракамбінату, якая ўжо зараз вядомая. Людзі лічаць, што чалавек, якога ўлада ставіць кіраўніком над імі, мае сумніўную рэпутацыю і ня выявіў на мінулым месцы працы — у адной са структураў, якая мусіць стаць часткаю новага агракамбінату — здольнасьцяў вывесьці прадпрыемства з крызысу.

Рабочыя запрашалі на страйк старшыню Шклоўскага раённага савету і кіраўніка прафсаюзу аграрыяў, аднак яны не зьявіліся. Больш таго, кіраўніцтва аграпрамтэхнікі сьцьвярджае, што страйку не было, бо яны нічога такога ня бачылі і на ім не прысутнічалі.

Старшыня прафкаму прадпрыемства Сяргей Старасьцін перадасьць зварот рабочых у ворганы мясцовай улады і ў сродкі масавай інфармацыі. Калі ўлада і пасьля гэтага ня зьверне ўвагі на праблемы раённай аграпрамтэхнікі, яе работнікі маюць намер страйкаваць зноў.