ФЭРМЭРЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Кіраўнік праўленьня рэгіянальнай фэрмэрскай асацыяцыі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Міхаіл Байда прывёў на сходзе фэрмэраў цікавыя лічбы. Маючы ў карыстаньні крыху больш за 1% зямлі, фэрмэры вырошчваюць у рэгіёне 2% збожжа, 12% бульбы, 16% гародніны. У фэрмэраў гадавая прадукцыйнасьць кароваў вышэйшая ледзь не на 1 тону малака.

Між тым, колькасьць людзей, што займаюцца вольным земляробствам, скарачаецца. Сем гадоў таму на Гомельшчыне было 433 фэрмэры. Зараз іх на 100 з лішкам чалавек меней, усяго 323.

Нягледзячы на адмысловыя ўказы, пастановы Саўміну і нават закон пра сялянскія (фэрмэрскія) гаспадаркі, фэрмэры ў дзяржаве на становішчы пасынкаў.

(Канцавы: ) “Калі б нам давалі такія крэдыты, як калгасам, мы б разьвіваліся ого-о як прыгожа”, — сьцьвярджае фэрмэр з Добрускага раёну Ўладзімер Канцавы.

Летась фэрмэры рэгіёну заплацілі падаткаў амаль паўмільярду рублёў. Дзяржавы дала ім дапамогу ў выглядзе крэдытаў на 34 мільёны рублёў, што складае 7% ад унесеных падаткаў. Для параўнаньня: калгасам і саўгасам дзяржава выдзеліла сродкаў на суму 58 мільярдаў рублёў. Гэта ледзь не ў чатыры разы болей, чымся калгасы заплацілі падаткаў.

Фэрмэры пакуль ня могуць набыць і тэхніку па лізынгу. Летась на іх іх долю аблсельгасхарч перадаў у лізынг толькі 1 трактар.

Досыць няпроста фэрмэрам атрымаць у сваё карыстаньне зямлю. Пра гэта сьведчыць гісторыя фэрмэра Міхаіла Шруба з Жыткавіцкага раёну. Альбо такі прыклад. Добрускі райвыканкам, выдзяляючы ў арэнду 47 гектараў зямлі фэрмэру Савелію Балаболаву, перадаў яму і 6 гектараў балота. Сваімі разважаньнямі наконт разьвіцьця вольнага земляробства дзеліцца фэрмэр Леанід Парфянкоў.

(Парфянкоў: ) “Каб гэта было гадоў 10 таму, пытаньне разьвіцьця фэрмэрства ў краіне вырашалася б прасьцей. Жадаючых працаваць на зямлі было болей. Цяпер іх паменела. Нам трэба найперш не перашкаджаць. Вы паглядзіце, колькі нават на нашым сходзе было прадстаўнікоў арганізацыяў, якія кантралююць і правяраюць. Іх больш дзясятка, і ўсім трэба залік. Усё гэта адцягвае нас ад асноўнай дзейнасьці. Па-другое, нам патрэбная нармалёвая заканадаўчая база”.

Галоўнае ў законах, на думку фэрмэра, — замацаваньне права ўласнасьці на зямлю.