Ад сакавіка гэтага году ў калгасе “Шлях да камунізму” Жыткавіцкага раёну няма ні калгасьнікаў, ні маёмасьці. Ёсьць толькі калгасная пячатка і выканаўца абавязкаў старшыні, былы калгасны бугальтар Міхаіл Тачыла. Выпадак унікальны. Яго зараз штрафуюць за скажэньне справаздачнасьці, бо іншай функцыі, апроч запаўненьня фіктыўных папераў, у старшыні няма. Усю прадукцыю вырошчвае і рэалізуе вяскоўцам не калгас, а фэрмэр Міхаіл Шруб. Ён жа выплачвае людзям заробак, дзяржаве — падаткі, крэдыторам — даўгі.
Аднак гэтую новую рэальнасьць у вёсцы Хільчыцы, нягледзячы на аб’яўленую ў дзяржаве рэформу сельскай гаспадаркі, аблвыканкам з падачы Жыткавіцкага райвыканкаму ня хоча аформіць юрыдычна. Маўляў, калгас не падзелены на паі, а вяскоўцы памылкова прагаласавалі за далучэньне калгасу да фэрмэра. Распавядае фэрмэр Міхаіл Шруб:
(Шруб: ) “Калі хтосьці сьцьвярджае, што ў наш час калгас зьяўляецца падарункам, то ў вобласьці амаль 400 такіх “падарункаў”. Калі ласка, старшыня райвыканкаму Савіцкі можа прыдбаць сабе такі “падарунак”. Іншыя ахвочыя — таксама. Я б паглядзеў, што яны зробяць з гэтым “падарункам” і як пасьля такога націску ўладаў ацэняць іх людзі. У нас зараз два бясспрэчныя козыры. Па-першае, вынікі працы. Мы апярэджваем самыя лепшыя гаспадаркі раёну. Вытворчасьць павялічылі па ўсіх паказчыках прыкладна на 40%. Па- другое, безумоўная падтрымка калгасьнікаў. Яны ўпэўненыя ў тым, што не памыліліся, выбралі правільны кірунак. І гэта больш за ўсё раздражняе тых прадстаўнікоў улады, якіх раней раздражняла мая праца, а зараз тое, што людзі павярнуліся да мяне тварам”.
Раней улады сапраўды папракалі фэрмэра, што ён працуе на сябе, а ў вёсцы шмат пэнсіянэраў, якіх, маўляў, апроч калгасаў, няма каму дагледзець.
Міхаіл Шруб узяў калгас, дзе толькі 166 працоўных і 250 пэнсіянэраў. Апошнім ён бясплатна апрацоўвае прысядзібныя ўчасткі, прывозіць сена і паліва.
Працаздольным фэрмэр забясьпечыў годныя і рэгулярныя заробкі. Сярэдні на месяц — 170 тысяч рублёў, у мэханізатараў — на 100 тысяч болей. Ніхто зь вяскоўцаў на працы ня п’е. Пяцёх, схільных да алькаголю, Шруб узяўся вылечыць у Менску за свой кошт.У фэрмэра ня крадуць з тэхнікі салярку. Вяскоўцы ведаюць: страцяць болей.
Год працы ў новых умовах прывёў фэрмэра да такой высновы:
(Шруб: ) “На нашай зямлі можна займацца бізнэсам. Не жабрацтвам сацыяльным: дайце, мы прападаем, мы не жывем — а бізнэсам. Карміць сябе, сваіх дзяцей. Карміць сваіх працаўнікоў, адлічваць падаткі ў бюджэт краіны, весьці годнае жыцьцё”.
Улады аднак па-ранейшаму трымаюцца за калгасы-банкруты.