У БЯЛЫНІЦКІХ УСТАНОВАХ ХАЛОДНА, ЛЮДЗІ ПРАЦУЮЦЬ У ВОПРАТЦЫ

Марыя Ўсьціновіч, Бялыніцкі раён

За справу эканоміі цепла- і энэргарэсурсаў у Бялынічах узяліся настолькі апантана, што цяпер супрацоўнікі ўсіх установаў, арганізацыяў, прадпрыемстваў вымушаныя не здымаць паліто ды шубы.

У рэдакцыі раённай газэты “Зара над Друцьцю” батарэі ледзь цёплыя. Хаця яе супрацоўнікам пашанцавала, і ім пакуль адключаюць цяпло толькі на суботу і нядзелю, аднак над чарговым нумарам журналісты працуюць у вопратцы.

(Спадар: ) “Халодна. Сядзім у куртках. На выходныя дні адключаюць ацяпленьне. У панядзелак прыходзіш на працу, да абеду сагрэцца ня можаш”.

Найбольш пацярпелі ад новага рэжыму жорсткай эканоміі дзіцячыя ўстановы. Настаўнікі цэнтралізаванай школы мастацтваў імя Бялыніцкага-Бірулі ў чаканьні вучняў саграюцца гарбатай. Жанчыны скардзяцца, што ў холадзе псуюцца музычныя інтрумэнты і стынуць рукі ў дзяцей.

(Спадарыня: ) “Інструмэнты: клявішы на фартэпіяна заядаюць, лопаюцца струны на домрах, цымбалы разладжваюцца. Вельмі халодна. Калі дзіця прыходзіць урокі на тры, то замярзаюць і не распранаюцца, у асноўным у куртках сядзяць”.

Не здымаць верхняе адзеньне раяць і наведнікам Бялыніцкай раённай дзіцячай бібліятэкі. У гэтай установе ацяпленьне адключаюць штодня. На пытаньне “Колькі можна трываць такі рэжым эканоміі?” бібліятэкаркі адказваюць па-філязофску:

(Спадарыні: ) “Ня ведаем, колькі зможам. Колькі зможам, столькі і будзем жыць. Мы прызвычаіліся да ўсяго”.

Дзеці і іх бацькі пакуль ня скардзяцца на холад у бібліятэцы: адныя саромеюцца выстаўляць прэтэнзіі, іншыя чакаюць, што будзе далей. Аднак асноўныя халады яшчэ наперадзе, і супрацоўніцы раённай бібліятэкі чарговы раз заляпляюць шчыліны ў вокнах і спадзяюцца на разуменьне ўладаў.

(Спадарыня: ) “Хаця мы разумеем, што зараз можа і ёсьць складанасьці ўсякія з ацяпленьнем і ўсім.Але хацелася, каб гэта дзецям не перашкаджала. Тут жа ў нас дзеці. Вядома, трэба эканоміць, але рабіць гэта разумна”.

У жылых дамах Бялынічаў, гавораць жыхары райцэнтру, цёпла. Хаця ў поўным рэжыме тут топяць толькі ноччу.

Жыхароў дамоў з цэнтральным ацяпленьнем цяпер наведвае спэцыяльная раённая камісія, якая правярае, наколькі сумленна падышлі кватэраўладальнікі да эканоміі цяпла — ці не сыходзіць яно праз вокны і дзьверы. Аднак ня ўсе людзі хочуць пускаць у свае кватэры незнаёмых і лічаць візыты камісіі парушэньнем сваіх правоў.