ЖЛОБІНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПАТРАБУЮЦЬ ПЕРАВЫБАРАЎ СТАРШЫНІ СВАЙГО ПРАФСАЮЗУ

Казімер Яноўскі, Жлобін

Сёньня а 7-й гадзіне раніцы на Цэнтральным рэчавым рынку Жлобіна адбыўся стыхійны сход прадпрымальнікаў. Асноўнае пытаньне — як захаваць свае месцы і ня ўносіць 40-тысячную абанэмэнтную плату за ўвесь кастрычнік? Напярэдадні дырэктар рынку Аляксандар Бурлакоў заяўляў страйкоўцам, што прадасьць іхныя месцы іншым дробным прадпрымальнікам, калі толькі плата ня будзе ўнесеная за ўвесь месяц.

На сходзе выказаныя і прэтэнзіі да старшыні мясцовага Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Генадзя Вераб’ёва, які нібыта самаўхіляецца ад агульных акцыяў, ад сумеснага абмеркаваньня надзённых праблемаў страйкоўцаў.

Шмат хто з гандляроў мяркуе, што ачольваць мясцовую прафсаюзную арганізацыю павінен прадпрымальнік з Рагачова Ўладзімер Ціхінскі. Яму, дарэчы, і даверылі гандляры прадстаўляць свае інтарэсы ў мясцовых органах улады.

Між тым Генадзь Вераб’ёў ня лічыць, што ён недапрацаваў падчас цяперашняга страйку. Аднак і не выключае зьменаў у кіраўніцтве прафсаюзнай арганізацыяй.

(Вераб’ёў: ) “Я згодны, няхай будуць перавыбары. Няхай старшынём будзе чалавек, які больш гэтага варты. Аднак ня трэба мяне абражаць і вінаваціць. Прынамсі, едучы ў Менск на страйк, я не палохаў людзей, а толькі папярэдзіў, каб яны мелі з сабою пашпарты. На выпадак правакацыяў. Я прайшоў усе “Чарнобыльскія шляхі”, усе нашыя акцыі і ведаю, што гэта такое”.

Ужо пасьля свайго ранішняга сходу жлобінскія прадпрымальнікі дамагліся сустрэчы з памочнікам старшыні райвыканкаму Пятром Пушковым. Дасягнутае паразуменьне, што да 8 кастрычніка, дня афіцыйных перамоваў з выканкамам наконт патрабаваньняў, страйкоўцы ніякай платы рынку за месцы ўносіць ня будуць.

У адказ дробныя гандляры адмовіліся пакуль ад намеру арганізаваць сядзячы страйк перад райвыканкамам.