Да такіх пераменаў спрычыніўся адмысловы дэкрэт Лукашэнкі пра ўпарадкаваньне сродкаў, што накіроўваюцца на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Непрацуючыя пэнсіянэры вёскі Старое Сяло Веткаўскага раёну, дзе ўзровень забруджваньня складае ад 5 да 15 кюры, досыць нэгатыўна паставіліся да чарговага згортваньня “чарнобыльскіх” дапамог.
Распавядае 72-гадовая пэнсіянэрка Праскоўя Казімірава.
(Казімірава: ) “Мы ж галасавалі за Лукашэнку – і бяззубыя, і сляпыя, усялякія людзі. Спадзяваліся, што ён будзе нас шкадаваць. А ён, бач, што распачаў. Цэны такія вялічэзныя. Я паеду са сваёй пэнсіяй, палову яе распушчу, а ў мяне торбачка - пустая. Нас зараз так пакрыўдзілі! Так нельга! Наша жыццё кароткае. Сёньня жывем, а заўтра - паміраем. Трэба ж нам хоць якую льготку. Вунь Масква перадала: пэнсіянэрам там дабаўляюць 9 адсоткаў. А ў нас нават і гэтыя крошкі знялі. Там - можна, а тут – нельга. Чалавек жыве адно жыцьцё, два жыцьці ён не жыве”.
Праскоўю Казіміраву падтрымліваюць іншыя вяскоўцы.
- Усе супраць і я супраць, - заяўляе Аляксандр Букаты.
Нягледзячы на адносна невысокі памер стратаў (канкрэтна ў Старым Сяле –3992 рублі), людзі ўсё роўна са скрухай адклікаюцца на адмену грашовай дапамогі . Слова Марыі Пазьняковай.
(Пазьнякова: ) “Пэнсыянэрам і гэта дарагое. Мы ж пацярпелі – і на здароўі, і на ўсім астатнім пацярпелі”.
(Яноўскі: ) “А што трэба, каб было ў “чарнобыльскай зоне?”
(Пазьнякова: ) “Усе льготы трэба, каб былі. Газ нам праводзілі. Мы аплацілі ўсё чыста. Нам спачатку казалі, маўляў, будзе бясплатна, а мы ж усё аплацілі”.
Сапраўды, апошнім часам улады пэрыядычна скасоўваюць розныя льготы і сацыяльныя дапамогі насельніцтву ў забруджаных зонах. Напачатку году, у прыватнасьці, грашовых дапамог пазбавіліся ўсе гараджане, што жывуць у зоне 1-5 кюры. Спынены таксама даплаты студэнтам. Значна зьменшаныя асігнаваньні на харчаваньне школьнікаў у забруджаных раёнах.
Пазбаўлены шэрагу льготаў “ліквідатары ЧАЭС”.
У фінансавай управе аблвыканкаму пацікавіўся, якую суму бюджэтных сродкаў зэканоміць рэгіён у сувязі са скарачэньнем розных “чарнобыльскіх” дапамог насельніцтву?
Сьведчыць Валянціна Салянская.
(Сялянская: ) “У разьлізку на год, калі браць па ўсіх зонах, гэта складае каля 20 мільярдаў рублёў эканоміі”.
Са згаданай сумы, паводле яе словаў, на будаўніцтва спэцдыспансэру радыяцыйнай мэдыцыны, які будуецца ў абласным цэнтры вось ужо дзесяты год, накіроўваецца сёлета толькі 3,1 мільярду рублёў. Гэта меней чымсьці адна шостая частка ад зэканомленай сумы.