НА РАДЗІМЕ ТАДЭВУША КАСЬЦЮШКІ ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ АДЗНАЧЫЛІ МІТЫНГАМ

Алесь Горбач, мястэчка Косава

Месца для акцыі было абранае невыпадкова — менавіта тут, у фальварку Мерачоўшчына нарадзіўся слынны змагар за незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны Тадэвуш Касьцюшка.

На акцыю зьехаліся прадстаўнікі зь Берасьця, Баранавічаў, Пружаны, Бярозы, Івацэвічаў. Высока ўзьнятыя бел-чырвона-белыя сьцягі прывабілі і некаторых тутэйшых жыхароў.

Сярод выступоўцаў былі кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу беларускага Валянцін Лазарэнкаў, старшыня абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасяльчан і іншыя. Выступоўцы гаварылі пра важнасьць сёньняшняй даты, пра неабходнасьць працаваць супольна і гартаваць сілы дзеля дасягненьня сапраўднай незалежнасьці і росквіту Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, намесьнік старшыні “Народнай грамады” Віталь Малашка, як адзін з удзельнікаў прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі распавёў прысутным пра некаторыя моманты той гістарычна важнай, на яго думку, падзеі. Ён таксама ўзгадаў аб тым, што наш слынны зямляк Тадэвуш Касьцюшка — шырока вядомая ў сьвеце асоба: нацыянальны герой Злучаных Штатаў Амэрыкі і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі. А гэта, паводле спадара Малашкі, сведчыць аб тым, што беларусы заўсёды жылі ў супольнасьці з цывілізаваным сьветам — і так мусіць быць заўсёды.