Ідэя правядзеньня круглага стала і вызначэньня агульных кірункаў дзейнасьці на выбарах належыць абласному грамадзкаму аб’яднаньню “Грамадзянскія ініцыятывы”, а ўдзел у абмеркаваньні ўзялі каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў рэгіянальных структураў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў з 20 раёнаў вобласьці.
Адметна, што ніхто з выступоўцаў не прапаноўваў скарыстоўваць тактыку байкоту будучых выбараў у мясцовыя саветы, хаця меркаваньні пра паразу гучалі. Вось што, у прыватнасьці, заявіў мазырскі прадстаўнік Беларускай асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва” Мікалай Малюк:
(Малюк: ) “У цяперашніх умовах у Беларусі, пры гэтых адносінах цяперашняй улады да апазыцыі апазыцыя ня мае ніводнага шанцу на тое, каб мець перамогу на гэтых выбарах”.
Зусім іншыя меркаваньні выказвалі кіраўнікі раённых суполак палітычных партыяў, дзе ўжо асэнсавалі досьвед ранейшых выбарчых кампаніяў і таго, што атрымалі выбарцы, напрыклад, у выніку папярэдніх выбараў у мясцовыя саветы.
Распавядае старшыня Буда-Кашалёўскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Кекелеў:
(Кекелеў: ) “Ні для кога не сакрэт, што цяпер раённы савет складаецца з кіраўнікоў розных прадпрыемстваў і калгасаў. Усе яны завязаныя на выканаўчую ўладу. Ніхто зь іх не адстойвае інтарэсы сваіх выбарцаў. Мы правялі невялікі маніторынг наконт таго, ці ведаюць жыхары сваіх дэпутатаў. Мы апыталі тысячу чалавек — з гэтай тысячы толькі 150 ведаюць свайго раённага дэпутата. Астатнія нават уяўленьня ня маюць, хто іхны дэпутат раённага савету”.
На думку актывіста, гэта акалічнасьць ёсьць сур’ёзнай падставай, каб пазмагацца за дэпутацкія месцы.
Прадстаўнік БНФ з Рагачова Эдуард Стоцкі паскардзіўся на малалікасьць актыву. Таму мэтазгодна ўжо цяпер падбіраць ініцыятыўных людзей, складаць сьпісы ня толькі будучых магчымых кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі, але і сяброў участковых камісіяў. Прынамсі, райвыканкамы ўжо такія сьпісы рыхтуюць.
Удзельнікі круглага стала абралі рабочую групу ў справе каардынацыі дэмакратычных сілаў рэгіёну на будучых выбарах. Паводле прынятай адмысловай заявы, утвораная кааліцыя сумесна рыхтуе і вылучае сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, зарганізоўвае каманды кандыдатаў у дэпутаты, дбае пра назіраньне і маніторынг выбараў, забясьпечвае сваіх прыхільнікаў юрыдычнай падтрымкай.
Старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карніенка да таго ж лічыць, што лідэры дэмакратычных партыяў на агульнанацыянальным узроўні павінныя вызначыцца адносна выбараў.
(Карніенка: ) “Ці гэта асобная кампанія, умоўна кажучы, з мэтай захапіць усю мясцовую ўладу, як гэта было ў Югаславіі? Памятаеце? Там спачатку мясцовыя выбары выйгралі, а пасьля перамаглі Мілошавіча. У нас гэта немагчыма абсалютна. Гэтую кампанію, мяркую, трэба разглядаць у кантэксьце агульнай задачы зьмены рэжыму Лукашэнкі”.