БЕРАСЬЦЕЙСКІ КІРАЎНІК ПРАФСАЮЗАЎ НЯ ХОЧА ІСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ

Алег Супрунюк, Берасьце

Уладзiмер Мiрочнiк сёньня знаходзiцца ў Менску, дзе адбываецца пленум Фэдэрацыi прафсаюзаў беларускай. Але ранiцай ён патэлефанаваў у Берасьце i паведамiў, што ня мае намеру icьцi ў адстаўку, як таго запатрабавала большасьць удзельнiкаў абласнога пленуму ФПБ. Камэнтаваць свае далейшыя дзеяньнi спадар Мiрочнiк пакуль адмаўляецца, спасылаючыся на неабходнасьць кансультацыяў зь юрыстамi.

Справа ў тым, што кiраўнiк берасьцейскага аб’яднаньня прафсаюзаў ня браў удзелу ў абласным пленуме, якi адбыўся 11 лiпеня. У той дзень спадар Мiрочнiк знаходзiўся ў кардыялягiчным аддзяленьнi абласнога шпiталю. Тым ня менш пленум выказаў недавер ня толькi тагачасному лiдэру ФПБ Францу Вiтку, але таксама Ўладзiмеру Мiрочнiку i ягонаму намесьнiку — Аляксандру Кавецкаму.

Фармальна пытаньне аб тым, хто будзе кiраваць аб’яднаньнем прафсаюзаў у Берасьцi, адкладзенае да 26 лiпеня, калi павiнная адбыцца абласная канфэрэнцыя. Чакалася, што да гэтага часу Ўладзiмер Мiрочнiк добраахвотна пойдзе ў адстаўку. Сярод магчымых пераемнiкаў на пасадзе прафсаюзнага лiдэра Берасьцейшчыны ўжо згадваюцца iмёны некаторых намесьнiкаў старшынi аблвыканкаму. Дарэчы, Васiль Даўгалёў неаднойчы рабiў заявы пра неабходнасьць кадравых зьменаў у кiраўнiцтве аб’яднаньня прафсаюзаў.

Паводле меркаваньняў берасьцейскiх сяброў Фэдэрацыi прафсаюзаў, у спадара Мiрочнiка няшмат шанцаў захаваць сваю пасаду пасьля 26 лiпеня. Так, старшыня абласнога прафсаюзу работнiкаў радыёэлектроннай прамысловасьцi Георгi Антанюк лiчыць, што большасьць кiраўнiкоў галiновых прафсаюзаў гатовыя аддаць перавагу кандыдату, якi будзе вылучаны мясцовай уладай. “Але калi на пленуме меркавалася выказаць падзяку Ўладзiмеру Мiрочнiку за плённую працу на чале берасьцейскiх прафсаюзаў, дык цяпер добрых словаў на свой адрас на маючай адбыцца канфэрэнцыi ён, хутчэй за ўсё, ужо не пачуе”, — мяркуе Георгi Антанюк.