ВІЦЕБСКІХ НАСТАЎНІКАЎ ПРЫМУШАЮЦЬ ВЫХОДЗІЦЬ З ГАЛІНОВАГА ПРАФСАЮЗУ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Кіраўнікі асобных віцебскіх школаў наўпрост тлумачаць сваім калегам, што цяперашнія прафсаюзы будуць скасаваныя “з-за палітыкі” за ўдзел ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ды агітацыю на карысьць Уладзімера Ганчарыка. А замест “старых” прафсаюзаў настаўнікам прапанавалі ўвайсьці ў новыя аб’яднаньні, якія, па-сутнасьці, прафэсійнымі не зьяўляюцца, бо ствараюцца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Інакш кажучы, настаўнікам давядзецца аб’ядноўвацца з будаўнікамі, гандлярамі, рабочымі.

Такое аб’яднаньне віцебскіх настаўнікаў не задавальняе. Бо новаствораны міжгаліновы саюз наўрад ці будзе адстойваць іхныя прафэсійныя інтарэсы ды вырашаць надзённыя настаўніцкія праблемы.

Да ліку такіх праблемаў настаўнікі перадусім адносяць нясвоечасовую выплату заробкаў, затрымкі грошай за адпачынак ды магчымыя скарачэньні на пачатку наступнага навучальнага году. Таму ў некаторых школах ахвотна прымалі “антыпрафсаюзную” рэзалюцыю ўсяго тры чалавекі: дырэктар, намесьнік па навучальнай працы ды… старшыня пакуль дзейнага прафсаюзу. Але, як правіла, на настаўнікаў удавалася націснуць, і ў большасьці віцебскіх школаў загад уладаў быў выкананы.

Тым часам стварэньне новых аб’яднаньняў у Віцебску сустрэла арганізацыйныя цяжкасьці: як высьветлілася, у будынках раённых адміністрацыяў няма адпаведных памяшканьняў, дзе маглі б зьмясьціцца дэлегацыі ад усіх прадпрыемстваў раёну. І дэлегатам-настаўнікам зь Першамайскага раёну ўжо прапанавана перадаць свае галасы пяці прадстаўнікам ад кожнае школы, якія будуць першымі ўдзельнікамі ўстаноўчых тэрытарыяльных постпрафсаюзных канфэрэнцыяў.