Будаўнiкi ды дарожныя службы спяшаюцца, але пакуль не пасьпяваюць закончыць рамонтныя работы на шашы, што вядзе да муроў Берасьцейскай крэпасьцi. Менавiта тут у суботу пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да чарговай гадавiны нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкi Саюз. Удзел у гэтых мерапрыемствах фармальна i ёсьць мэтай прыезду Барыса Ельцына ды Аляксандра Лукашэнкi.
Каб iхны вiзыт быў заўважаны берасьцейцамi, мясцовыя ўлады загадалi кiраўнiкам прадпрыемстваў гораду забясьпечыць яўку сваiх падначаленых. Неабходнасьць у выходны дзень iсьцi ў крэпасьць абурае жыхароў Берасьця. Гаворыць рабочы мясцовага газавага прадпрыемства Сяргей Краўчук:
(Краўчук: ) “У нас i Тройца, i лецiшчы, а нас прымушаюць iсьцi глядзець на Ельцына. Гэта горш, чым у камунiстычны час. Вось я хачу даведацца: цi запiсана дзе ў Канстытуцыi, што мы павiнны скакаць пад iхную дудку? Мне здаецца, нi ў Расеi, нi ў СНД няма такой агiднасьцi, як у нас”.
Затое вялiкiя нязручнасьцi чакаюць прадстаўнiкоў сродкаў масавай iнфармацыi. Асьвятляць мерапрыемствы ў Берасьцейскай крэпасьцi пазбаўленыя магчымасьцi ня толькi журналiсты незалежных, але i дзяржаўных выданьняў. У прыватнасьцi, не атрымалi акрэдытацыю карэспандэнты ўрадавай газэты “Рэспублiка”.
Дарэчы, Ельцын i Лукашэнка ўжо другi раз наведваюць Берасьце разам менавiта 22 чэрвеня. Упершыню гэта адбылося ў 1996 годзе, калi Барыс Ельцын прыяжджаў напярэдаднi другога туру прэзыдэнцкiх выбараў у Расеi. Той візыт успрымаўся як вельмi моцны ход Ельцына ў барацьбе з канкурэнтам — лiдэрам камунiстаў Генадзем Зюганавым.
Плянуецца, што пасьля наведваньня Берасьця былы расейскi прэзыдэнт затрымаецца ў Беларусi яшчэ на тыдзень. Ён зьбiраецца адпачыць у рэзыдэнцыi Вiскулi, дзе былi падпiсаныя вядомыя белавескiя пагадненьнi. Пра адметнасьцi гэтага адпачынку пакуль нiчога не вядома. Супрацоўнiкi Нацыянальнага парку “Белавеская пушча” ад кантактаў з прэсай адмаўляюцца, спасылаючыся на загад начальства. У iншым выпадку людзей палохаюць пэрспэктывай згубiць працу. Пасьля таго, як дырэктарскую пасаду ў Нацыянальным парку заняў Мiкалай Бамбiза, з пушчы былi звольненыя 250 чалавек.
Вядома аднак, што ў рэзыдэнцыi Вiскулi зусiм нядаўна адбыўся рамонт, i цяпер яна цалкам прыстасаваная да ўмоваў працы i адпачынку ганаровых гасьцей Аляксандра Лукашэнкi.