ПРАЦЯГНЕЦЦА СУДОВЫ РАЗБОР НАКОНТ ТЭХНІКІ “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ”

Казімер Яноўскі, Гомель

“Грамадзянскія ініцыятывы” тройчы зьвярталіся ў абласны суд адносна адмены беспадстаўнага рашэньня судзьдзі Новік пра канфіскацыю тэхнікі. І толькі калі было даказана, што судзьдзя Новік, апроч усяго іншага, сфальшавала пастанову — адвольна дабавіла да пераліку сканфіскаванай тэхнікі пяць манітораў, старшыня абласнога суду Федарцоў адмяніў яе пастанову і накіраваў справу на новае разьбіральніцтва. Зноў-такі ў той жа Чыгуначны суд — праўда, іншаму судзьдзі.

Вось што мяркуе на гэты конт кіраўнік “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карніенка:

(Карніенка: ) “Фактычна, калі падабраць нейкую ілюстрацыю, можна сказаць так: прайдзісьвета ў асобе беларускай Фэміды злавілі за руку. Цяпер яна кажа: добра, мы пагаджаемся, але зараз мы зробім гэтую справу бездакорна, і вы ня зможаце болей даказаць сваю правату”.

Ён перакананы, што справа пра канфіскацыю кампутараў павінна быць спыненая. Але ўпраўленьне КГБ, што гвалтоўна адабрала тэхніку летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў, падаткоўцы Чыгуначнага раёну, якія з падачы ўпраўленьня ініцыявалі справу ў судзе, і самі суды ставяць за мэту іншае.

(Карніенка: ) “Уся гэтая кампанія дамагаецца ліквідацыі аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, дастаткова ўплывовай арганізацыі ў Гомельскай вобласьці, якая стварае праблемы для камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Калі б гэтая структура сапраўды займалася дзяржаўнай бясьпекай, можа, у нас у краіне людзям жылося б значна лепей”, — лічыць кіраўнік “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карніенка.