У Крычаве арыштаваны дацэнт магілёўскага філіялу Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня. Ён абвінавачваецца ў тым, што браў у першакурсьнікаў-завочнікаў грошы за прыстойныя адзнакі на іспытах. У дацэнта знайшлі й канфіскавалі 200 даляраў.
Празь некалькі дзён у раённым цэнтры затрымалі двух кіраўнікоў навучальных установаў: дырэктара Магілёўскага прадстаўніцтва Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня і дырэктара Крычаўскага тэхнікуму эканомікі, права й кіраваньня. Яны абвінавачваюцца ў атрыманьні 350 даляраў за пасьпяховае паступленьне абітурыентаў.
Камэнтары супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю вельмі сьціслыя. Яны кажуць, што калі віна гэтых людзей будзе даказаная, то ім пагражае пакараньне ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Тым часам магілёўскія праваабаронцы ня лічаць крымінальныя справы пра хабарніцтва выкладчыкаў і кіраўнікоў навучальных установаў адназначнымі. Ёсьць іншы бок у гэтай праблемы, і пра яго гаворыць кіраўнік магілёўскага абласнога аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Ўладзімер Краўчанка.
(Краўчанка: ) “Правакацыя мае месца, прычым асабліва апошнім часам яна ўзмацнілася. У сувязі з тым, што вядзецца барацьба спэцорганаў для таго, каб расправіцца з тымі, хто своеасабліва, па-іншаму бачыць шляхі далейшага разьвіцьця краіны”.
Уладзімер Краўчанка лічыць, што такіх людзей, якія не дагаджаюць уладзе, стрымліваюць шмат якімі мэтадамі, у тым ліку мажлівыя і фабрыкацыі хабарніцтва.
(Краўчанка: ) “Такіх выпадкаў у практыцы за апошні год некалькі. Падпадаюць пад перасьлед ня толькі выкладчыкі, якія выказваюць сваё гледзішча, што не супадае з афіцыйным, але і супрацоўнікі міліцыі, пракуратуры. Іх таксама перасьледуюць”.
У прыватнасьці, паведаміў кіраўнік магілёўскага аддзяленьня БГК, супрацоўніка аддзелу міліцыі Магілёўскага раёну прыцягнулі да адказнасьці нібыта за атрыманьне хабару гарэлкай. У гэтага чалавека, як ён лічыць, за нязгоду зь меркаваньнем начальства, адабралі месца працы і жытло.