Амаль два месяцы на вулiцах Пружаны не запальваюць лiхтары. У мясцовым бюджэце няма сродкаў, каб кампэнсаваць выдаткi камунальных службаў.
Прыцягнуць увагу грамадзкасьцi да гэтай праблемы вырашыла створаная ў Пружане каалiцыя "Моладзевая пэрспэктыва". У яе ўвайшлi мясцовыя актывiсты аб'яднаньня маладых палiтыкаў, моладзь Аб'яднанай грамадзянскай партыi ды iншых арганiзацыяў. Акцыя ладзiцца ў людных месцах у цэнтры гораду: людзi ахвотна падпiсваюцца пад патрабаваньнямi да ўладаў аднавiць працу лiхтароў. Зараз сабраныя ўжо больш за тысячу подпiсаў жыхароў Пружаны. На думку аднаго з iнiцыятараў стварэньня каалiцыi Ўладзiмера Радзiвончыка, акцыя мае больш глыбокi зьмест, чым запальваньне лiхтароў:
(Радзiвончык: ) "Разумееце, абыякавасьць ў грамадзтве дасягнула крайнiх межаў. Людзi пачынаюць прызвычайвацца да дыскамфорту ў жыцьцi, да высокiх цэнаў, да зьнявагi з боку ўладаў, да нявыплаты заробку. Далей так працягвацца ня можа — трэба дзейнiчаць. Таму нашая асноўная задача — ня толькi запалiць сьвятло лiхтароў, але i зьнiшчыць цемру абыякавасьцi людзей да вырашэньня iстотных для гораду пытаньняў".
Уладзiмер Радзiвончык таксама паведамiў, што акцыя будзе працягвацца да тае пары, пакуль лiхтары ня будуць ўключаныя. Што да подпiсаў, дык арганiзатары акцыi лiчаць магчымым сабраць iх да 10 тысяч. Варта заўважыць, што зараз у гэтым раённым цэнтры Берасьцейшчыны пражывае крыху больш за 25 тысяч чалавек.
Ад сёньня ў акцыi "Нам патрэбнае сьвятло, а ня цемра" пачаўся новы этап. Сябры моладзевай каалiцыi наведваюць кватэры жыхароў Пружаны, што пакiнулi свае подпiсы пад зваротам, i дораць iм электрычныя лямпачкi, каб у пад'ездах зноў было сьвятло.