У БАРЫСАВЕ ЗАТРЫМАЛІ ДВУХ “ЗУБРОЎ”

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Калі іх даставілі ў пастарунак, маладая актывістка, чые прозьвішча і адрас міліцыянты не пасьпелі занатаваць, здолела неўпрыкмет зьбегчы ад сваіх канваіраў.

Але на 17-гадовага Аляксандра Казакова склалі пратакол пра адміністрацыйнае парушэньне. Расклейку налепак “Так жыць нельга”, якія заклікаюць барысаўцаў 19 красавіка прыехаць у Менск і ўзяць удзел у маршы пратэсту, інспэктары ў справах непаўналетніх расцанілі як распаўсюд літаратуры без належных выходных зьвестак.

Гэтае затрыманьне барысаўскіх удзельнікаў руху “Зубр” – ужо другое па ліку за адносна кароткі тэрмін. Тыдзень таму таксама ноччу за расклейку налепак “Так жыць нельга” міліцыянты затрымалі 17-гадовага Аляксандра Моніча. Судзіць яго павінны былі 10 красавіка. Але юнак на працэс не зьявіўся, матывуючы свае паводзіны тым, што яму няправільна аформілі позву.