У нядзелю а 12-й гадзіне дня ў Маладым парку адбыўся дазволены гарадзкімі ўладамі пікет, прымеркаваны да 25-га сакавіка. Замаўлялі пікет сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Да акцыі далучыліся і сябры БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Аб’яднанай грамадзянскай партыі і іншых дэмакратычных арганізацый, усяго каля дваццаці чалавек.
На лёзунгах, што трымалі ўдзельнікі пікету, былі надпісы: "Віншуем усіх жыхароў гораду з угодкамі абвяшчэньня БНР", "Чалавек без Радзімы — жабрак", "Патрабуем новых прэзыдэнцкіх выбараў!" Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі жанчыны сьпявалі беларускія песьні.
А 14-й гадзіне дня сьвяткаваньні перанесьліся ў Дом афіцэраў, дзе пад гукі гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" пачалося ўрачыстае паседжаньне, прымеркаванае да Дня Волі. Сабралася на мерапрыемства каля трохсот чалавек.
Аднак тут не абышлося без інцыдэнту. Пасьля выступу госьця зь Менску навукоўца Анатоля Сідарэвіча кіраўнік мясцовай арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Яўген Даўгіловіч хацеў зачытаць са сцэны зварот Зянона Пазьняка. Калі арганізацыйны камітэт не дазволіў яму гэта зрабіць, спадар Даўгіловіч перарваў мерапрыемства і зьвярнуўся да залі. Аднак і гэта яму не дапамагло. Пасьля некалькіх хвілінаў мітусьні і шуму чатыры сябры КХП пакінулі залю.
Гэта, аднак, не паўплывала на далейшы ход імпрэзы. У сьвяточным канцэрце ўзялі ўдзел мясцовыя майстры, а таксама бард зь Віцебску Яўген Савелеў. Гімн "Магутны Божа" завершыў сьвяткаваньне 84-х угодкаў БНР.