У ПРУЖАНАХ ЗАМЕСТ ГРОШАЙ – СЬПІСЫ Ў КРАМАХ НА ВЫДАЧУ ТАВАРАЎ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Пружанскiя ўлады тлумачаць неабходнасьць правядзеньня экспэрымэнту крытычным станам сельскай гаспадаркi ў раёне. Паводле афiцыйных зьвестак райвыканкаму, перапрацоўчыя прадпрыемствы завiнавацiлiся за мяса i малако больш як 400 мiльёнаў рублёў.

Як вынiк — гаспадаркi ня маюць грошай на сяўбу, а калгасьнiкi ня могуць cвоечасова атрымаць свой заробак. Толькi за сьнежань запазычанасьць складае 150 мiльёнаў рублёў.

Цяжар гэтых даўгоў адбiваецца i на вясковых крамах: яны церпяць страты й таксама няздольныя разьлiчыцца за атрыманую прадукцыю.

Цяпер на загад мясцовай вэртыкалi крамам дазволена адпускаць тавар калгасьнiкам у якасьцi пагашэньня запазычанасьцi. Якую частку нявыплачанага заробку можна будзе выдаць харчамі — залежыць ад фiнансавага стану канкрэтнай гаспадаркi. Так, у калгасе “Iскра” сьнежаньскi заробак на 30% выплачаны харчамi зь мясцовых крамаў.

Пра гэты экспэрымэнт распавядае жыхар вёскi Зiневiчы Сьцяпан Турко:

(Турко: ) “Мэта такая, каб куплялi прадукты сваёй вытворчасьцi, каб падтрымаць гэтак мясцовую вытворчасьць — макароны, каўбасу, якiя ня карыстаюцца попытам”.

У Пружанскiм райвыканкаме пацьвердзiлi, што без наяўных грошай калгасьнiкам выдаюць у вясковых крамах толькi асноўныя харчовыя тавары мясцовай вытворчасьцi. Сьпiртовыя напоi ды тытунёвыя вырабы да гэтай групы не аднесеныя. Старшыня райвыканкаму Аляксандар Юркевiч лiчыць, што новая сыстэма дазваляе вяскоўцам набыць самае неабходнае, не чакаючы выплаты заробкаў:

(Юркевiч: ) “Я лiчу, што для калгасьнiка гэта сёньня адзiны варыянт, таму што грошай рэальных аддаць зарплату няма. I я пакуль ня бачу, калi яны зьявяцца ў блiжэйшы час”.

Разам з тым спадар Юркевiч пацьвердзiў, што ў райвыканкам зьвяртаюцца вяскоўцы, якiя абураныя навіной. Таму ня выключана, што рашэньне вэртыкалi можа быць адмененае.