ГАРАДЗЕНСКІ МІЛІЦЫЯНТ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ВЕДАЕ ДЗЕ ЗАХАРАНКА

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Удзельнікі Ланцуга неабыякавых людзей трымалі партрэты зьніклых палітыкаў, у тым ліку Юрыя Захаранкі. Акцыя адбылася ў Горадні 9 сьнежня, пасьля адну з удзельніц — Сьвятлану Нех — запрасілі ў міліцыю на гутарку.

Па словах Сьвятланы, адзін зь міліцыянтаў, капітан Вечар, паводзіўся вельмі самаўпэўнена. Ён гаварыў, што яму добра вядома, дзе нібыта схаваўся генэрал Захаранка. І што, маўляў, жонка генэрала гэта таксама ведае — бо той, быццам бы, жыве непадалёк ад яе ў Нямеччыне. Як вядома, такую інфармацыю распаўсюдзілі дзяржаўныя мэдыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Але ў далейшым гэтыя зьвесткі абверглі кампэтэнтныя нямецкія крыніцы.

Сьвятлана Нех сказала мне сёньня, што расцаніла выказваньні міліцыянта як непавагу і зьдзек з памяці Юрыя Захаранкі. Яна напісала заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну гораду. Раённы пракурор разгледзеў яе і накіраваў паперу начальніку абласной міліцыі. Ён прапануе апытаць капітана Вечара й прыцягнуць яго да адказнасьці за хаваньне фактаў у справе зьнікненьня генэрала Захаранкі.