НАЛЕТА ЗА ПЕРАЕЗД ПРАЗЬ МЯЖУ БЕЛАРУСЫ БУДУЦЬ ПЛАЦІЦЬ

Сяргей Астраўцоў, Менск

У бюджэце Гарадзенскай вобласьці на наступны год прадугледжваюцца новыя мясцовыя падаткі й зборы. Напрыклад, у памежных зь Літвой і Польшчай раёнах саветы дэпутатаў увядуць збор за праезд празь дзяржаўную мяжу на кантрольна-прапускных пунктах. Плаціць абавяжуць толькі беларускіх грамадзянаў.

Такое права мясцовым уладам напярэдадні Новага году далі ўлады абласныя. Аднак на месцах не сьпяшаюцца. Сэсіі некаторых райсаветаў адбудуцца напачатку студзеня. Пытаньне аб памежным зборы на іх ня ставяць. Чаму? У абласным фінансавым упраўленьні мне патлумачылі, што пакуль не гатовыя ўсе разьлікі.

Ніхто ня ведае памераў новага збору. Але ў любым разе ён будзе вызначацца мінімальным заробкам —можа, 20%, а можа й палову мінімальнага заробку зацьвердзяць, сказалі мне.

Сёлета такі збор не спаганяўся. Раней жа ён існаваў, але ў розных раёнах, і яго сума адрозьнівалася. Для невялікіх раёнаў (Бераставіцкага або Ашмянскага), дзе мала прадпрыемстваў, памежны збор уяўляў для бюджэту істотную суму, гавораць фінансысты.

А вось у Гарадзенскім раёне са зборам не атрымалася. Летась дэпутаты зацьвердзілі яго, але на памежным пераходзе "Брузгі" адразу адбыўся з гэтай нагоды страйк.

Але на працягу наступнага году памежны збор абавязкова зацьвердзяць. І гэта можа адбыцца ў любы час, паведамілі мне ў аблвыканкаме. Досыць толькі склікаць пазачарговую сэсію райсавету.

Найлепшыя шанцы наконт грошай ад збору мае сёньня Бераставіцкі раён. Пераход на мяжы з Польшчай у Брузгах закрыты на год. Праўда, зьявіліся паведамленьні, што для легкавікоў шлягбаўм там, магчыма, узьнімуць раней. Аднак пакуль увесь транспарт ідзе праз КПП "Бераставіца". Напярэдадні Новага году становішча там крыху палепшылася. На ўезд у Польшчу сёньня трэба чакаць 12 гадзінаў, а раней чакалі суткамі.

На пераходзе адбылося надзвычайнае здарэньне. Два жыхары Горадні ўначы пабіліся з-за чаргі на праезд за мяжу. Аднаго зь іх, 37-гадовага мужчыну, з пашкоджаньнем галавы даставілі ў шпіталь, дзе ён неўзабаве памёр.