РЭДАКТАР АРШАНСКАЙ ГАЗЭТЫ “КУЦЕЙНА” ПАЗБАЎЛЕНЫ ЛІЦЭНЗІІ

Браніслава Станкевіч, Ворша

Паводле словаў рэдактара недзяржаўнай газэты “Куцейна” Віктара Андрэева, пра тое, што яго вырашылі пазбавіць права на прадпрымальніцкую дзейнасьць, ён даведаўся выпадкова.

Як высьветлілася, яшчэ 5 сьнежня адбылося паседжаньне аршанскага гарвыканкаму, дзе прынялі адпаведнае рашэньне. Але афіцыйнае пісьмовае пацьверджаньне гэтаму Віктар Андрэеў атрымаў толькі напярэдадні Калядаў, дый тое пасьля асабістага звароту ў гарвыканкам.

Тэкст дасланага дакумэнта выклікаў у спадара Андрэева шэраг пытаньняў да прадстаўнікоў мясцовае вэртыкалі, і вырашыць іх ён спадзяецца цяпер выключна пры дапамозе судовых органаў. Справа ў тым, што як на падставу для пазбаўленьня ліцэнзіі Віктару Андрэеву паказалі на два цалкам супярэчныя парушэньні прадпрымальніцкай дзейнасьці.

З аднаго боку, ён нібыта не ажыцьцяўляў гэткай дзейнасьці ўвогуле на працягу апошнях шасьці месяцаў, і з-за гэтага ягоная ліцэнзія аўтаматычна падлягае скасаваньню. А з другога боку, як гаворыцца ў дасланым афіцыйным дакумэнце, Віктар Андрэеў пакараны адабраньнем ліцэнзіі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Паводле гэтага абвінавачаньня аршанскі гарадзкі суд колькі месяцаў таму прыняў быў рашэньне пра канфіскацыю адабранае напярэдадні верасьнёўскіх прэзыдэнцкіх выбараў рэдакцыйнае маёмасьці, у тым ліку кампутараў ды рызографа. Але пракуратура ды Віцебскі абласны суд мусілі адмяніць гэтае рашэньне, прыняўшы да ўвагі заяву Віктара Андрэева наконт парушэньняў падчас правядзеньня судовага паседжаньня.

Такім чынам, віну рэдактара “Куцейны” дагэтуль суд не прызнаў, і аршанскі гарвыканкам, паводле словаў Віктара Андрэева, відавочна пасьпяшаўся са сваім рашэньнем, якое загартаваны ў судовых спрэчках рэдктар зьбіраецца абскардзіць у абласным гаспадарчым судзе.

Як мяркуе спадар Андрэеў, неабачлівая пасьпешлівасьць гарадзкіх уладаў як найхутчэй пазбавіць яго права на прадпрымальніцкую дзейнасьць, выкліканая, магчыма, тым, што замест забароненай “Куцейны” ён нядаўна зарэгістраваў новую незалежную гарадзкую газэту.