ЗАСНАВАЛЬНІК НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ “РАТУША” Ў МАГІЛЁВЕ ПАДАЎ У СУД НА АДМІНІСТРАЦЫЮ КАСТРЫЧНІЦКАГА РАЁНУ ГОРАДУ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Пасьля непрацяглага разгляду магілёўскі абласны суд вырашыў аб'яднаць дзьве справы ў адну ды накіраваць яе на разгляд суду Кастрычніцкага раёну Магілёва. Судзьдзя мяркуе, што патрабаваньні выдаць даведку пра наяўнасьць юрыдычнага адрасу ў газэты "Ратуша" ды выплаціць матэрыяльную кампэнсацыю на 5 мільёнаў беларускіх рублёў абумоўленыя аднымі і тымі ж абставінамі.

На судзе стала вядома, што газэту "Ратуша" не зарэгістравалі ў Дзяржаўным камітэце па друку з-за адсутнасьці даведкі пра наяўнасьць у яе юрыдычнага адрасу. Заснавальнік выданьня Аляксандар Страх падаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва ў якасьці юрыдычнага адрасу сваё жыльлё, але яму адмовілі. Яму патлумачылі, што юрыдычным асобам так выкарыстоўваць кватэру нельга.

Магілёвец нагадаў, што ён ёсьць не юрыдычнай асобай, а прыватным прадпрымальнікам ды зьвярнуўся ў раённы суд . Там адмовіліся разглядаць ягоны пазоў ды параілі спачатку зьвярнуцца ў аблвыканкам, што падштурхнула прадпрымальніка да абласнога суда.

Падобны адказ ён атрымаў у раённым судзе на свой другі пазоў пра матэрыяльную кампэнсацыю маральных стратаў. Як ён заявіў у судзе, да гэтага кроку яго падштурхнуў адказ Лукашэнкавай раённай адміністрацыі на заяву пра рэгістрацыю газэты. На першым паседжаньні абласны суд ня стаў паглыбляцца ў сутнасьць справаў, а адправіў рашэньне таму ж Кастрычніцкаму раённаму суду.

Прадпрымальнік Аляксандар Страх зьбіраецца змагацца да перамогі. Паводле ягонай думкі, "Ратуша" як паветра неабходная жыхарам гораду, бо ў Магілёве выпускаюць толькі дзьве недзяржаўныя газэты — "Дэ-факта" і "Тыднёвік Магілёўскі" накладам ад аднаго да трох тысяч асобнікаў.

Адметна, што заснавальнік назваў газэту, якая праходзіць рэгістрацыю, імем ейнай папярэдніцы. З 1991-га да 1996 году на Магілёўшчыне выходзіла першая мясцовая незалежная газэта "Ратуша", якая за час сваёй дзейнасьці знайшла нямала чытачоў. Аляксандар Страх упэўнены, што цяперашняя "Ратуша" працягне традыцыі сваёй папярэдніцы.