У МСЬЦІСЛАЎІ ЗНОСЯЦЬ ПОМНІК ЛЕНІНУ, ЯКІ НЯ МАЕ НОСА І РУКІ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць


Паводле рашэньня беларускага ўраду, 2 верасьня, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, у Мсьціслаўі пройдзе агульнакраёвае сьвята славянскай пісьменнасьці і друку. Гэтае рашэньне і падштурхнула мсьціслаўскую вэртыкаль да крокаў па добраўпарадкаваньні гарадзкой тэрыторыі.

Аднак абяцаныя грошы на падрыхтоўку сьвята так і не знайшліся. Ініцыятыва зносу помніка была абумоўленая зусім не дэмакратычнымі настроямі. Справа ў тым, што няпярэдадні сьвята кіраўнікі Мсьціслаўя зьбіраліся ўпрыгожыць і добраўпарадкаваць горад, а помнік Леніну псаваў яго зьнешні выгляд. Намаганьнямі невядомых, правадыр расейскага пралетарыяту пазбавіўся рукі і носа. Мясцовае чыноўніцтва, відаць, пабаялася, што кіраўнікі краіны, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, выкажуць сваё незадавальненьне такім відовішчам, але сродкаў на аднаўленьне помніка так і не знайшло. Да гэтага часу ў фонд сьвята не пералічана ні шэляга.

Першапачаткова мсьціслаўцы прасілі 8 млрд. беларускіх рублёў, але кіраўніцтва краіны паабяцала толькі 2. Горад яшчэ мае прывесьці ў парадак шэраг будынкаў і вуліц, бо рэспубліканскія і абласныя ўлады не адмаўляюцца ад плянаў правядзеньня сьвята. Магчыма, напярэдадні выбараў прэзыдэнта для А. Лукашэнкі яно стане апошняй магчымасьцю засьведчыць свой клопат аб беларускім народзе.

Пакуль улады рыхтуюцца да сьвята, жыхары Мсьціслаўя дбаюць пра помнік свайму славутаму земляку Пятру Мсьціслаўцу. Ён, як вядома, пачаў друкаваць кнігі яшчэ раней, чым расейскі друкар Іван Фёдараў. Паводле пляну сьвята. У Мсьціслаўі павінныя паставіць помнік Пятру Мсьціслаўцу, але пакуль што сродкаў на гэта няма, як і на іншыя сьвяточныя справы.

З Магілёву паступаюць несуцяшальныя навіны. Напрыканцы гэтага тыдня кіраўнікі аблвыканкаму заявілі, што Менск выдзяліць толькі 180 мільёнаў беларускіх рублёў, а вобласьць спадзяецца знайсьці толькі 1 мільярд.