Пазоў у суд накіравалі старшыня магілёўскага гарадзкога клюбу "Свабода выбару" Валеры Сівуха і чальцы ягонага праўленьня Аванэс Мурадзян і Мікалай Ужоў. Гэтак яны выказалі нязгоду з рашэньнем упраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму, якое адмовілася зарэгістраваць гэтае грамадзкае аб'яднаньне.
Як заявіў на судзе спадар Сівуха, арганізацыя 5 разоў праводзіла сходы, на якіх мянялі статут у адпаведнасьці з заўвагамі прадстаўнікоў абласнога камітэту юстыцыі. Усё ж упраўленьне адмовілася іх зарэгістраваць.
Паводле думкі чынавенства ўпраўленьня юстыцыі, клюб ня мае права дапамагаць жыхарам гораду ў атрыманьні інфармацыі ў пытаньнях выбарчага права й падтрымліваць міжнародныя кантакты. У лісьце ўпраўленьне таксама сьцьвярджала, што навукова-асьветная дзейнасьць аб'яднаньня нібыта не адпавядае ягоным мэтам.
На судзе адказчыкі ізноў заявілі пра законнасьць свайго рашэньня. Пазоўнікі ж назвалі падставы для адмовы ў рэгістрацыі "надуманымі, неаргумэнтаванымі, незаконнымі" ды зачыталі адпаведную заяву рады клюбу.
Прадстаўнікі клюбу "Свабода выбару" зьвярнулі ўвагу суду на парушэньне заканадаўства ўпраўленьнем. Заяву на рэгістрацыю падалі яшчэ летась 22 сакавіка, а канчатковы адказ прайшоў толькі сёлета 22 лютага. Паводле ж дэкрэту Лукашэнкі заява мусіць разглядацца на працягу месяца.
Судзьдзя спадарыня Жыліна больш важкімі прызнала аргумэнты прадстаўнікоў абласнога ўпраўленьня юстыцыі. Як стала вядома, кіраўнікі клюбу маюць намер абскардізць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.