Гэтую ўлётку знаходзілі прадпрымальнікі ў сваіх шапіках блізу калгаснага рынку. Яе бачылі на вакзале і ў іншых людных месцах Маладэчна. Цытую апошні абзац: " Мы — ня быдла ! І на тыя суботнікі ня пойдзем! Дамо адпор дыктатуры, якая ня хоча рэфармаваць вёску!"
Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік справаў Маладэчанскага гарвыканкаму Валяр’ян Кавалевіч, з ініцыятывай бясплатнай працы на карысьць калгасаў выступіла салігорская вэртыкаль. Затым прапанову ўхваліў аблвыканкам і сваім рашэньнем абавязаў усе рэгіянальныя ўлады правесьці 17 сакавіка, 7 красавіка і 5 траўня суботнікі ў рэгіёнах.
Прамысловыя прадпрыемствы мусяць усе заробленыя на суботніках грошы пералічыць на адмысловы рахунак. Прадпрымальнікам давялі канкрэтную суму — ня меней як 30 000 рублёў з кожнага.
Учора стала вядома, што маладэчанцы 17 сакавіка зарабілі на суботніку 22 мільёны рублёў — гэта менш за дзясятую частку ад таго, што зь іх патрабавалі. Спадар Кавалевіч выказаў меркаваньне адносна неабходнасьці падобных суботнікаў:
(Кавалевіч: ) "Напэўна, трэба перабудоўваць эканамічныя дачыненьні ў сельскай гаспадарцы. Таму што вяртаньне гэтых сродкаў, якія ўкладаюцца, вельмі малое й неэфэктыўнае. Трэба на іншай аснове дапамагаць сельскай гаспадарцы — рэфармаваць і шукаць нейкія ўнутраныя мэханізмы, якія б дазволілі самім калгасам і саўгасам рабіць адпаведныя эканамічныя захады, каб выйсьці з такога стану".
Сваё незадавальненьне такой практыкай выказала й Марыя Лясковіч, старшыня прафкаму ФПБ заводу УНІКАБ, які мусіў пералічыць на спэцрахунак заробленыя 17 сакавіка 1 мільён 700 тысячаў рублёў. Гэта сур'ёзная страта для калектыву, дзе працуе крыху больш як 200 чалавек.
(Лясковіч: ) "Шчыра сказаць, у нас саміх умовы не такія, каб усё падала зь неба, праблемаў хапае, зарплату іншы раз затрымліваем. Бо на камплектацыю патрэбныя грошы, матэрыялы дарагія.
Адны суботнікі, вядома, плёну не дадуць. Праз год на тры суботнікі мы ўжо ня пойдзем", — зазначыла прафсаюзная лідэрка.
Рабочыя гэтага прадпрыемства, зь якімі я пасьля гутарыў, выказваліся яшчэ больш рэзка: "Гэта дзіка. Я не разумею. Гэта абы што. Каб тры суботы працаваць — за што?"— казаў адзін сярэдніх гадоў мужчына.
"Цяпер за станком стаіш, а куды ідуць грошы , мы ня знаем. Вёска апусьцела. Там ніхто рабіць ня хоча. Тэхнікі няма. Абсалютна. Тэхніку ўсю раскралі кіраўнікі сельскай гаспадаркі", — зазначыў другі рабочы. Пра суботнікі 7 красавіка і 5 траўня ён выказаўся даволі ляканічна: "Больш не прыйду".