Сёньня я сустрэў чародку таджыцкіх дзяцей на Цэнтральным рынку Гомелю. Яны хапалі пакупнікоў за адзеньне і працягвалі нямятыя далоні: “Дай”. Купленыя гарачыя піражкі крыху дадалі даверу. Сьмялейшая дзяўчынка называе сябе:
(Дзяўчынка: ) “Наргіза”
(Карэспандэнт: ) “А хто тут яшчэ з табой?”
(Дзяўчынка: ) “Мама, тата, у палатцы на вакзале жывем”.
Наргіза не адна. Зь ёй пяцігадовы брат Саша і дзесяцігадовая суседка. Размаўляць няпроста – я ня ведаю таджыцкай, а дзеці ледзьве валодаюць расейскай, але мэту свайго паходу на рынак яны ўсё ж патлумачылі:
(Дзяўчынка: ) “Мы просім на хлеб…”
Пакуль мы размаўлялі, да нас падыйшла маці Наргізы і Сашы. Моўны бар’ер дапамагае пераадольваць Наргіза.
(Карэспандэнт: ) “Адкуль вы прыехалі?”
(Маці: ) “З Таджыкістану”.
(Карэспандэнт: ) “А што там у вас?”
(Маці: ) “Там вайна, стралялі”.
У ворганах унутраных справаў высьвятляю, што зь мінулай восені з Таджыкістану праз Расею на Гомельшчыну прыехала паўтары сотні чалавек. Ніякага статусу ўцекачы з гарачых кропак ня маюць, яны бадзяжнічаюць. Улады не заўважаюць узьніклую праблему. Нярэдка перасяленцы кіруюцца ў чарнобыльскія раёны і асядаюць там, ускладняючы крымінальную сытуацыю. У Брагіне міліцыянты расказвалі, што ўцекачы прывозяць з сабой наркотыкі. Дадалося і крадзяжоў. Апрача таго, перасяленцы прывозяць з сабой і рэдкія для Беларусі хваробы. Летась малярыю, раней – халеру.
Замест цывілізаванага вырашэньня праблемы кіраўнік дзяржавы Лукашэнка, наведваючы рэгіён, абяцае перасяленцам спрошчанае афармленьне беларускага грамадзянства.