ПЕРШЫЯ ЗАТРЫМАНЬНІ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА

Браніслава Станкевіч, Ворша

Раніцай, падчас расклейваньня віншавальных улётак да Дня Сьвятога Валянціна, затрымалі кіраўніка аршанскай філіі Маладога Фронту непаўнагадовага Ігара Казімерчака.

На пачатку 8-й раніцы яго даставілі ў гарадзкі аддзел унутраных справаў і выпусьцілі праз гадзіну па прыезьдзе ягоных бацькоў.

Памочнік дзяжурнага па Аршанскім ГАУС Андрэй Зюзькоў паведаміў, што навучэнец СШ № 4 Воршы Ігар Казімерчак быў затрыманы за парушэньне артыкула 143, частка 3 Адміністрацыйнага кодэксу — за расклейваньне ўлётак у непрызначаных дзеля гэтага месцах. Пратакол затрыманьня перадалі ў гарадзкую камісію па справах непаўнагадовых.

Акрамя Ігара Казімерчака ў акцыі "Горад гарачага каханьня" бралі ўдзел яшчэ некалькі сяброў аршанскай філіі Маладога Фронту. Мінулай ноччу яны распаўсюдзілі 1 500 віншавальных улётак зь лёзунгам "Любові! Свабоды! Пераменаў!". Яны ж падрыхтавалі некалькі сьвяточных вечарынаў для аршанскае моладзі.