Вядома, што ўжо на допыце ў КГБ 26 красавіка Міхаіл Марыніч прызнаў, што знойдзеныя ў яго 90 тысяч даляраў прызначаліся на падтрымку апазыцыі на будучых выбарах і былі атрыманыя з Расеі. Гэтая шчырасьць зьдзівіла ў тым ліку дзеячоў беларускай апазыцыі. Ці магчыма, што свае прызнаньні Міхаіл Марыніч рабіў пад нейкім ціскам, альбо ў выніку фізычнага ўзьдзеяньня? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да экс-міністра Васіля Лявонава, які пры канцы 1990-х гадоў пасьля арышту быў таксама кінуты ў сьледчы ізалятар КГБ “амэрыканка”. Васіль Лявонаў кажа, што вялікім выпрабаваньнем ёсьць ужо сам арышт і ўтрыманьне ў камэры ізалятара КГБ.
(Лявонаў: ) “Там трэба апынуцца, каб гэта зразумець. Там камэра ў выглядзе труны: у бок дзьвярэй вузкая, у бок акна — шырэйшая. Чорныя заплесьнелыя сьцены, нізкая столь. А праз маленькае вочка ў дзьвярах вартаўнік за табой назірае, каб ты чаго з сабой не зрабіў. Уяўляеце свае пачуцьці? Ня кажучы пра тое, што вас могуць падмануць, сказаць, што чалавек, які даў грошы, ужо прызнаўся. Мяркуючы па ўсім, Марыніч да гэтага быў не гатовы”.
Васіль Лявонаў згадвае і больш пэўныя меры ўзьдзеяньня сьледчых КГБ на затрыманых, каб займець ад іх патрэбныя паказаньні:
(Лявонаў: ) “Могуць прыйсьці, добра паразмаўляць, дадуць папіць вадзічкі — і чалавек губляе кантроль над сабой. Не назаўсёды, канечне, а часова. Я маю на ўвазе псыхатропныя сродкі. Такое ў ізалятары КГБ могуць зрабіць”.
Гэта Васіль Лявонаў зьведаў асабіста. Аднойчы на допыт да яго зьявіўся малады сьледчы, які назваўся Андрэем. Паспачуваў, выклікаў на больш шчырую размову, прапанаваў папіць вады. Далейшае Лявонаў згадвае зь цяжкасьцю. Ён прачнуўся ад лаянкі начальніка ізалятара са сьледчым. Да гонару начальніка “амэрыканкі”, той быў супраць прыёмаў, якія выкарыстоўваў сьледчы. Але, наколькі ведае Васіль Лявонаў, той начальнік “амэрыканкай” ужо не кіруе.
Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір таксама заўважыў, што перад тэлекамэрай на допыце ў КГБ Міхаіл Марыніч быў у незвычайным для сябе стане. Міхаіл Чыгір не выключае ўзьдзеяньня нейкіх сродкаў ці маральнага ціску.
(Чыгір: ) “На самой справе ўзьнікае такое ўражаньне, бо незразумела, чаму ён не паклікаў адваката. Калі табе далі гэтыя грошы, тады наўпрост скажы, што табе далі пазыку ці іншы пэўны варыянт. А гэтак — незразумела”.
Пры гэтым Міхаіл Чыгір ня думае, што Міхаіла Марыніча прымусілі прызнацца з дапамогай пагрозаў ягонаму жыцьцю ці жыцьцю ягоных сваякоў. “У КГБ працуюць усё ж больш тонка, чымсьці ў міліцыі”, — лічыць экс-прэм’ер, які ў 1999 годзе адседзеў восем месяцаў у сьледчым ізалятары на Валадарцы.
А былы дэпутат і вядомы бізнэсовец Андрэй Клімаў перакананы, што прызнаньне Міхаіла Марыніча наконт расейскага паходжаньня ягоных 90 тысяч даляраў ёсьць спробай акрэсьліць уласную палітычную пазыцыю.
(Клімаў: ) “З пункту гледжаньня арыштаванага — гэта правільны крок. Ён дэманструе сваю прыналежнасьць і сваю мэту. У мяне, прыкладам, няма сумневу, што гэта палітычная расправа. Але ў звычайнага грамадзяніна могуць быць розныя меркаваньні. І ён правільна робіць, калі надае свайму арышту палітычную афарбоўку”.
Андрэй Клімаў лічыць, што Міхаіл Марыніч быў прапанаваны ўплывовымі коламі ў Расеі як магчымы пераемнік Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. А калі пра гэта стала вядома ў Менску, зь Міхаілам Марынічам паквіталіся. Андрэй Клімаў, які правёў за кратамі пяць гадоў, не выключае, што вызваляць Міхаіла Марыніча толькі пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.
Гл. таксама
ЯК СТАВІЦЦА ДА ПРЫЗНАНЬНЯЎ, ШТО ДАЮЦЬ У ЗЬНЯВОЛЕНЬНІ?
АДКУЛЬ У МАРЫНІЧА КАМПУТАРЫ І ФАЛЬШЫВЫЯ ДАЛЯРЫ?
КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ