Згодна з гэтымі новымі правіламі грамадзяне, якія ў сябе на радзіме перасьледуюцца за свае палітычныя погляды могуць быць дэпартаваныя дадому без грунтоўнага разгляду справы.
Учора ўвечары мы абмяркоўвалі самыя апошнія публікацыі на гэтую тэму – адна зь іх надрукаваная, напрыклад, у гэтым нумары ўплывовага часапіса “Spiegel” – зь вядомымі беларускімі праваабаронцамі, якія валодаюць сытуацыяй.
Большасьць зь іх перакананыя, што новыя правілы горш за ўсё адаб’юцца на гэтак званай першай хвалі палітычнай эміграцыі у незалежнай Беларусі – эміграцыі 1996 году. Гэтыя людзі зьехалі з краіны, ня маючы ўсіх неабходных дакумэнтаў, адрозна ад трэцяй хвалі, якая ўсе паперы мае, і зараз, праходзячы легалізацыю, уцекачы вымушаныя зьвяртацца ў Менск, у адпаведныя праваабарончыя арганізацыі з тым, каб ім выслалі нейкія даведкі.
Даведкі ж гэтыя вельмі цяжка адшукваць. І калі ўсе паперы ня знойдуцца, то гэтыя людзі, якія ўжо гадоў 10 жывуць у Бэльгіі ці Нямеччыне тэарэтычна могуць быць дэпартаваныя у Беларусь, у зьвязку з тым, што Брусэль лічыць Беларусь бясьпечнай краінай.
Што да рэакцыі прадстаўнікоў шматлікіх нямецкіх праваабарончых арганізацыяў, уключна з мясцовай філіяй “Amnesty International”, то яны лічаць неверагодным, што менавіта Беларусь згодна з канцэпцыяй нямецкага міністра Шылі належыць да бясьпечных краінаў, асабліва пасьля таго, як Рада Эўропы спыніла свае дачыненьні з афіцыйным Менскам з нагоды парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Прадстаўнік другой нямецкай праваабарончай арганізацыі “Про Азыль” назваў новыя правілы Брусэля вельмі трывожным стартам пашыранай Эўропы, а галоўны нямецкі экспэрт па справах уцекачоў Вольфганг Грэнц палічыў вельмі небясьпечным сымптомам тое, што нямецкаму ўраду чырвона-зялёных удалося схіліць да канцэпцыі трэціх бясьпечных краінаў іншыя краіны ЭЗ.
Тым часам прадстаўнікі сілавых ведамстваў Нямеччыны, чыім кіраўніцтвам былі ініцыяваныя новыя правілы адносна наданьня статусу палітычнага прытулку ўцекачам з той жа Беларусі, Украіны, Расеі, прыводзяць свае важкія аргумэнты. Ад пачатку 1990-х пад выглядам палітычных уцекачоў на Захад траплялі людзі, вельмі далёкія ад палітычнай барацьбы. Сапраўдныя вязьні сумленьня, за выключэньнем адзінак, як ня дзіўна застаюцца ў сябе на Радзіме. Прытулку ж просяць мала каму вядомыя афэрысты.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька падзяляе меркаваньне, што часьцяком па палітычны прытулак зьвяртаюцца тыя, хто да палітычнай барацьбы ня меў ніякіх дачыненьняў. На яе думку, усе вязьні сумленьня за выключэньнем Пазьняка засталіся ў Беларусі. Праўда, за тое на Захадзе апынуліся ўсе дзеці як палітычнай, так і непалітычнай беларускай апазыцыі. У новых правілах Эўразьвязу, спадарыня Процька, аднак ня бачыць чагосьці надзвычайнага.
(Процька: ) “Я не магу сказаць – белае гэта ці чорнае. Гэта – шэрае. З аднаго боку, кожная краіна ўстанаўлівае свой парадак эміграцыі, каб не было абмежаваньняў, то ўсе б жылі ў ЗША. Там жыцьцё лепшае. Зь іншага боку, шкада тых людзей, якія пад молахам рэпрэсіяў будуць мець цяжкасьці з нармальным жыцьцём. Аднак я думаю, што ў кожным асобным выпадку будзе весьціся дэталёвае разьбіральніцтва, і тыя людзі, якія сапраўды пакутуюць ад уладаў, атрымаюць палітычны прытулак”.