ЗЬВЯЗ ЦЭРКВАЎ ЭВАНГЕЛЬСКІХ ХРЫСЬЦІЯН-БАПТЫСТАЎ ПАТРАБУЕ ЗЬМЯНІЦЬ ЗАКОН АБ РЭЛІГІІ

Галіна Абакунчык, Менск

“Закон аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях” сябры зьвязу эвангельскіх цэркваў называюць варожым у адносінах да сваёй канфэсіі, а свой калектыўны зварт-пратэст — апошняй спробай давесьці гэта найвышэйшым уладам краіны. Гэткія заявы вернікі падмацоўваюць шматлікімі прыкладамі. Гаворыць старшыня зьвязу Мікалай Сінкавец:

(Сінкавец: ) “Прыклад — Наваградак. Там ёсьць група людзей, якіх аштрафавалі за тое, што яны маліліся ў прыватным доме. Мы паскардзіліся ў суд, але суд толькі пацьвердзіў, што дзеяньні ўладаў адпавядаюць закону. У Шчучыне гэтаксама ёсьць група людзей, на Каляды да іх прыйшлі ўчастковы, прадстаўнікі ўладаў і зрабілі папярэджаньне. У Кобрыньскім раёне ва ўсіх агульнаадукацыйных школах правялі апытаньне, ці ходзяць дзеці ў нядзельныя школы, прасілі называць імя й прозьвішча выкладчыка. То бок — відавочнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы царквы”.

Каб гэткіх праблемаў не ўзьнікала, вернікі-пратэстанты патрабуюць зьмяніць закон у частцы, якой рэглямэнтаваныя тэрыторыя дзейнасьці эвангельскіх цэркваў, умовы рэгістрацыі першасных суполак, месцы багаслужбаў, а таксама абмежаваць правы кантрольных органаў. Акрамя таго, кіраўніцтва зьвязу просіць Аляксандра Лукашэнку аб сустрэчы, каб абмеркаваць іншыя праблемы. Гаворыць сакратар зьвязу, пастар Віктар Круцько:

(Круцько: ) “Зь невядомых для нас прычынаў у нас тры царквы згарэлі, але мы падазраём, што гэта ўлады робяць. Чаму падазраём? Таму што супраць нашых цэркваў вядзецца ідэалягічная вайна. Пагражалі, што мы вас спалім, мы вас разгонім — вось і спалілі, але нікога не злавілі. Ёсьць факты, калі праваслаўная царква падпісвае розныя пагадненьні з урадам, мясцовымі органамі ўлады, і нам цяпер цяжка працаваць у шпіталях, у турмах, вайсковых частках, бо яны паўсюль падпісваюць пагадненьні, каб нікога туды не пускаць”.

Вернікі-пратэстанты кажуць, што звароты ў розныя дзяржаўныя структуры вынікаў ня мелі. Вось як гэта камэнтуе старшыня зьвязу Мікалай Сінкавец:

(Сінкавец: ) “Гэта нас насьцярожвае й турбуе. Таму перш чым пайсьці на перарэгістрацыю, мы чакаем ад ураду, Канстытуцыйнага суду тлумачэньняў і патрабуем паправак. Бо лічым гэта парушэньнем нашых грамадзянскіх і канстытуцыйных правоў. Бо закон супярэчыць нават самой Канстытуцыі”.

Патрабаваньні эвангельскіх цэркваў Беларусі падтрымала Эўра-Азіяцкая фэдэрацыя зьвязаў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў. Калектыўны зварот прадстаўнікі міжнароднай хрысьціянскай супольнасьці скіравалі на адрас прэзыдэнта, парлямэнту й ураду Беларусі.