У сярэдзіне лютага сяміклясьніку 114-й менскай школы Віталю Бірукову клясная кіраўнічка забараніла запаўняць дзёньнік па-беларуску. Школа, у якой вучыцца хлопец, расейскамоўная, але запісы ў дзёньніку ён заўсёды рабіў на роднай мове. Забарона яго абурыла. Гаворыць Віталь Бірукоў.
(Бірукоў: ) “Я сказаў, як жа так, я ўсё жыцьцё запаўняў па-беларуску, я нават ня ведаю, як будуць прадметы па-расейску гучаць. Яна сказала: “Ведаеш, гэта прыйшоў загад ад Міністэрства адукацыі”. Ну, што было рабіць? Згадзіўся, але на наступны тыдзень я запоўніў па-беларуску, таму што ў мяне рука не паднялася пісаць па-расейску”.
Віталь кажа, што настаўніца пасьля гэтага паказала яму адпаведны дакумэнт зь Міністэрства адукацыі. І папярэдзіла пра наступствы:
(Бірукоў: ) “Настаўніца падышла, паказала гэты дакумэнт. Я яго нават не лічу дакумэнтам, таму што там не было ні пячаткі, ні подпісаў ніякіх не было. Я ёй гэта кажу, а яна кажа: “Гэта прыйшоў загад зь Міністэрства адукацыі, і нам подпісаў ніякіх ня трэба”. І яшчэ сказала, што калі вось так будзеш выступаць, то могуць быць нейкія праблемы”.
На нейкі час хлопец падпарадкаваўся загаду, але потым зноў вярнуўся да свайго.
(Бірукоў: ) “Вось прайшло два тыдні. Я запісваў дзёньнік па-расейску, але на наступны тыдзень запісаў па-беларуску. І ня ведаю, што будзе далей…”
Гэта не адзіны выпадак у краіне, калі вучням у расейскамоўных школах забараняюць весьці дзёньнікі па-беларуску, спасылаючыся на афіцыйны дакумэнт. Радыё Свабода высьветліла, што такі дакумэнт сапраўды прыняты Міністэрствам адукацыі летась 30 сьнежня. Называецца ён “Адзіны моўны рэжым установы, якая забясьпечвае атрыманьне агульнай сярэдняй адукацыі (Інструктыўнае пісьмо)”. У ім ёсьць разьдзел “Парадак вядзеньня і афармленьня дзёньніка школьнікам”, першы пункт якога гучыць так: “Запаўняць дзёньнік на той мове, на якой ажыцьцяўляецца навучальна-выхаваўчы працэс у школе”.
Атрымаць камэнтары ад чыноўнікаў міністэрства не ўдалося. А вось як пракамэнтаваў практыку выкананьня ў школах чыноўніцкага рашэньня намесьнік старшыні Таварыства беларускае мовы Сяржук Кручкоў:
(Кручкоў: ) “У расейскамоўных школах, якія знаходзяцца ў гарадах, а ў некаторых гарадах беларускамоўныя школы адсутнічаюць, зьявіліся факты, калі дзецям забараняецца запаўняць дзёньнікі па-беларуску. І гэта вельмі нас насьцярожвае і палохае. Як гэта — у Беларусі забараняюць карыстацца беларускай мовай!? Гэта фактычнае абмежаваньне карыстаньня роднай мовай для дзяцей”.