МАП РАСЬСЬЛЕДУЕ ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ПРАФСАЮЗАЎ У БЕЛАРУСІ

Юры Сьвірко, Менск

Пасьля скаргі супраць ураду Беларусі паводле 26-га артыкулу канстытуцыі Міжнароднай арганізацыі працы — за незабясьпечаньне фундамэнтальнае свабоды асацыяцыяў – кіраўнічы орган МАП у пятніцу стварыў адмысловую камісію з трох сябраў.

Як паведаміла мне кіраўніца сэкцыі свабоды асацыяцаў сакратарыту МАП Карэн Кёртыс, у яе склад увайшлі Будыслаў Вукас з Харватыі, Нікляс Бруун зь Фінляндыі ды Мэры Годран з Аўстраліі.

Паводле спадарыні Кёртыс, сябры камісіі раней ніколі не займаліся беларускімі справамі:

(Кёртыс: ) “Яны на гэты момант ёсьць нэафітамі — ніколі не сутыкаліся з гэтым пытаньнем. Яны зьбяруцца на сваё першае паседжаньне ў студзені — найбольш верагодна. Сама камісія будзе вырашаць, калі паедзе ў Беларусь, у студзені яна зробіць прапановы уладам гэтай краіны наконт мажлівай даты прыезду. Звычайна гэта працэс, які займае каля аднаго году — ад таго моманту, калі прызначаецца камісія, да моманту прадстаўленьня яе справаздачы кіраўнічаму органу”.

Спадарыня Кёртыс патлумачыла, што адмысловая камісія разгледзіць усе пункты скаргі, якая была накіраваная ў міжнародную арганізацыю працы.

Яшчэ ў чэрвені 14 дэлегатаў канфэрэнцыі МАП падпісалі ліст, якім запатрабавалі распачаць працэдуру паводле 26-га артыкулу за “шматлікія прыклады буйных парушэньняў фундамэнтальных канвэнцыяў МАП, дапушчаных цягам апошніх гадоў беларускімі ўладамі ды шмат якімі наймальнікамі супраць прафсаюзнага руху краіны”.

Кіраўнічы орган МАП выканаў рэкамэндацыю свайго камітэту ў справе свабоды асацыяцыяў — то бок права на стварэньне прафсаюзу, і прызначыў адмысловую камісію для расьсьледаваньня сытуацыі ў Беларусі. Як падкрэсьліваюць у жэнэўскай штаб-кватэры МАП, гэтая працэдура паводле 26-га артыкулу звычайна выкарыстоўаецца “толькі ў выпадку сталых парушэньняў і непавагі да рашэньняў назіральных структураў МАП”. Раней гэтая працэдура выкарыстоўвалас арганізацыяй толькі дзесяць разоў, хаця МАП была заснаваная ў 1919 годзе ды ў 1946 годзе стала першай спэцыялізаванай структурай ААН.

Беларусь за ўвесь гэты час стала адзінаццатай краінай, супраць якой распачалі расьсьледаваньне. Паводле Карэн Кёртыс, дзясятай некалькі гадоў таму была М’янма (Бірма), якой кіруе ваенная хунта. Але М’янму з МАП не выключылі, і Беларусі гэта наўрад ці пагражае, бо гэта толькі зьменшыць магчымасьці ўплываць на сытуацыю.

Камітэт у справах свабоды асацыяцыяў МАП сем разоў зьвяртаў увагу на тое, што ў Беларусі “былі й працягваюцца сур’ёзныя атакі на ўсе спробы захаваць свабодны незалежны прафсаюзны рух”. У прыватнасьці, гэты камітэт выказаў глыбокае шкадаваньне з нагоды выраку старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандру Ярашуку да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за крытыку рашэньня Вярхоўнага суду аб роспуску прафсаюзу, а таксама асудзіў такія ж арышты на 10 дзён кіраўніка прафсаюзу працаўнікоў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва Аляксандра Бухвостава і на 5 дзён юрыста Кангрэсу дэмпрафсаюзаў Уладзімера Адынца.

Адметна, што пасьля Беларусі ў рашэньні МАП згадваюцца яшчэ дзьве тэрміновыя справы — Кубы і Зымбабвэ, дзе таксама парушаюць прынцыпы свабоды асацыяцыяў і правы прафсаюзаў.