У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ БЕЛАРУСІ ПАЧАЎСЯ ПРАЦЭС У СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”

Альгерд Невяроўскі, Менск

22 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”. У судовай залі прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек — прадстаўнікі грамадзкасьці, журналісты і міжнародныя назіральнікі.

Першую палову дня судзьдзя Валянціна Кулік слухала аргумэнты прадстаўніцы Міністэрства юстыцыі Неанілы Фішкінай. Гэтая чыноўніца абвінавачвала цэнтар “Вясна” ў тым, што яго кіраўніцтва неправамоцна правяло ўстаноўчы сход арганізацыі, падрабіла подпісы заснавальнікаў, нелегітымна арганізавала філіі ў рэгіёнах і прадстаўляла ў судзе інтарэсы людзей, а таксама парушала Выбарчы кодэкс.

Аднак многія аргумэнты прадстаўніцы Мінюсту не былі дастаткова абгрунтаваныя, яна блыталася ў паказаньнях і часам ня мела адказу на пытаньні прадстаўнікоў цэнтру “Вясна” і грамадзкіх абаронцаў. Як вынік, судзьдзя прапанавала прадстаўніцы Мінюсту падаць суду ўсе дакумэнтальна пацьверджаныя доказы віны праваабаронцаў.

Падчас перапынку ў судовых слуханьнях старшыня цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так пракамэнтаваў пабачанае і пачутае ў працэсе:

(Бяляцкі: ) “Довады Міністэрства юстыцыі не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Мы маем нармальныя, дастаткова абгрунтаваныя аргумэнты. Гэта яшчэ раз вельмі яскрава паказвае сацыяльны заказ зьнішчэньня “Вясны”, які цяпер спрабуе выканаць Міністэрства юстыцыі. Бо з такімі абвінавачаньнямі прыходзіць у суд — гэта проста несур’ёзна, непаважна, сьмешна. Я думаю, што такі працэс не надасьць аўтарытэту беларускім выканаўчым уладам”.

А вось меркаваньне грамадзкага абаронцы Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) “Ідзе нармальны ход працэсу. Суд, я спадзяюся, паспрабуе разабрацца ў тых праўных калізіях, якія вынесеныя Міністэрствам юстыцыі ў пазове. І спадзяюся, што суд прыме законнае і абгрунтаванае рашэньне”.

Разам з тым ні кіраўніцтва “Вясны”, ні грамадзкія абаронцы не спадзяюцца, што суд прыме рашэньне на карысьць цэнтру.

Кіраўнік цэнтру грамадзянскай адукацыі “Польшча — Беларусь” зь Беластоку Марцін Рэнбач, які назіраў за пачаткам працэсу, таксама выказаў сваё меркаваньне:

(Рэнбач: ) “Перадусім мяне вельмі зьдзівіла слабасьць аргумэнтацыі з боку Міністэрства юстыцыі. Ня ведаю, ці гэта праблема дрэннай падрыхтоўкі да працэсу, ці нэрвовасьць з таго боку. У мяне ўражаньне, што ўсе гэтыя справы нейкія перабольшаныя — у тым сэнсе, што спрабуюць давесьці, што ёсьць нейкія сур’ёзныя парушэньні закону. І падобна на тое, што “Вясну” хочуць гвалтоўна ліквідаваць”.

Прадстаўнікі “Вясны” абвяргалі довады прадстаўніцы Мінюсту. Разгляд справы працягнецца 23 кастрычніка. Нагадаю, што на абарону цэнтру “Вясна” паўсталі шматлікія міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Апошнія некалькі месяцаў беларускія суды ўжо зьліквідавалі дзевяць найбольш актыўных грамадзкіх арганізацыяў.