ЯК АДЗНАЧАЦЬ ДЗЕНЬ НАСТАЎНІКА НАВУЧЭНЦЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ?

Любоў Лунёва, Менск

Настаўнікі гэтага ліцэю працягваюць выкладаць свае дысцыпліны ліцэістам, не атрымліваючы за гэта ніякага заробку.

Калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа таксама адзначыць Дзень настаўніка. Фактычна Дзень настаўніка пачаўся для выкладчыкаў ліцэю яшчэ ўчора. Дзеці стаялі на холадзе ля будынку Нацыянальнага прэс-цэнтру амаль дзьве гадзіны. Яны хацелі павіншаваць міністра адукацыі і падзякаваць за сваё “шчасьлівае дзяцінства”, але той не пажадаў сустрэцца зь імі. Міністра правялі ў будынак і вывелі праз пажарны выхад.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі міністар Аляксандр Радзькоў абвінаваціў настаўнікаў ліцэю ў тым, што з-за іх дзеці будуць пакутаваць, але не патлумачыў чаму. Бацькі навучэнцаў і настаўнікі ліцэю былі ў той час у судзе і там адчулі на сабе клопат дзяржавы — ім чарговы раз адмовілі.

Бацькі параіліся й вырашылі, што няма места для пэсымізму, бо калектыў ліцэю стаў яшчэ больш згуртаваным. Дзеці вучацца хоць і ў кепскіх умовах, але з задавальненьнем. Таму сёньня калектыў ліцэю пасьля заняткаў пойдзе на дыскатэку. Бацькі патлумачылі гэта і неабходнасьцю зьбірацца разам — цяпер дзеці займаюцца ў розных месцах, бывае, што некалькі дзён яны ня бачаць сваіх аднакурсьнікаў. Ліцэісты падрыхтавалі вершы і розныя сюрпрызы, але пра гэта яны пакуль, зразумела, не гавораць.