НАВУЧЭНЦЫ ЛІКВІДАВАНАГА ЎЛАДАМІ ЛІЦЭЮ ПРАЦЯГВАЮЦЬ НАВУЧАНЬНЕ

Любоў Лунёва, Менск

Каб вярнуць калектыву ліцэю законны будынак, бацькі ліцэістаў накіравалі заявы ў розныя ўстановы, у тым ліку і судовыя. Менавіта сёньня ў Менскім гарадзкім судзе будуць разглядаць заяву бацькоў супраць Міністэрства адукацыі. Бацькі намагаюцца праз суд прызнаць пастанову Міністэрства адукацыі аб ліквідацыі ліцэю беспадстаўнай і незаконнай.

Гэта ўжо ня першая судовая інстанцыя, у якую зьвярнуліся бацькі. Спачатку быў Маскоўскі суд. Там ім адмовілі, спаслаўшыся на тое, што справа падлягае разгляду ў гаспадарчым судзе. Тады бацькі напісалі скаргу пра парушэньне сваіх законных правоў у гарадзкі суд, і там нарэшце вымушаныя былі прызначыць паседжаньне на 2 кастрычніка. Так што невядома, якія будуць вынікі. Магчыма, і хутчэй за ўсё, ім зноў адмовяць на якой-небудзь дробязнай падставе.

Сёньня адбудзецца другая прэсавая канфэрэнцыя новага міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Пётар Брыгадзін падпісваў загад аб ліквідацыі ліцэю, а празь месяц яго зьнялі з пасады міністра. Новы міністар, адказваючы на пытаньні журналістаў, казаў, што пытаньне зь ліцэем вырашыцца цягам месяца. Так што ж зьмянілася?

Ніякага рамонту будынку няма. Міністар жа абяцаў, што цягам месяца, максымум двух, яго адрамантуюць — і дзеці будуць вучыцца там далей. Дзяцей перасьледуюць нават у такіх неспрыяльных умовах, у якіх яны апынуліся. Калектыў ліцэю ня можа зьняць у арэнду памяшканьня, бо яны цяпер незарэгістраваная арганізацыя. Дзяцей не пускаюць карыстацца беларускамоўнай бібліятэкай у Доме літаратара.

Аляксандар Радзькоў літаральна праз два тыдні ад свайго прызначэньня на пасаду міністра падпісаў загад аб ліквідацыі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту пры Белдзяржунівэрсытэце. Гэным разам загад таксама ніяк не аргумэнтаваўся.