Публіцыста, які цяжка хворы на цукровы дыябэт, узялі пад варту непасрэдна ў судовай залі. Суд прызнаў Аляксандра Грыцанава вінаватым у тым, што ён некалькі гадоў таму нібыта пазычыў у свайго знаёмага 2500 даляраў і дагэтуль іх не вярнуў. Сам спадар Грыцанаў віны не прызнаў і сьцьвярджае, што ніякіх грошай у гэтага чалавека не пазычаў. Гэтая гісторыя даволі даўняя. Аднаго разу Аляксандар Грыцанаў нават быў арыштаваны, але суд тады гэтую справу спыніў.
Прадстаўнікі Беларускага Гэльсынскага камітэту, якія назіралі за працэсам, не выключаюць, што Аляксандар Грыцанаў стаў ахвярай правакацыі з боку несумленнага крэдытора. Спадар Грыцанаў будзе абскарджваць гэты вырак.
Аляксандар Грыцанаў зьяўляецца ўкладальнікам і навуковым рэдактарам энцыкляпэдыі “Гісторыя філязофіі”. Доўгі час ён таксама супрацоўнічаў з “Белорусской газетой”. Апошні час пачаў супрацу з “Советской Белоруссией”, ва ўчорашнім нумары якой быў зьмешчаны ягоны артыкул.