Менш за паўгадзіны спатрэбілася судзьдзі Аляксандру Шылько зь Ленінскага суду Менску, каб вырашыць, што кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук вінаваты ў непавазе да суду. У якасьці пакараньня закон прадугледжвае за гэта штраф альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Судзьдзя Аляксандар Шылько абраў 10 дзён арышту.
Падчас развітаньня са сваякамі і калегамі, ужо ў прысутнасьці міліцыянта, Аляксандр Ярашук пракаментаваў прысуд.
(Ярашук: ) “Усё адбывалася гэтак, як адбываецца пакуль яшчэ у нашай краіне, але я ніколькі не сумняюся, што хутка гэта скончыцца . Што да нашай судовай і праваахоўнай сыстэмы, мой выпадак яскрава даказвае, што яны, на жаль, проста абслугоўваюць замовы. І вы ведаеце – чые.“
Падставай для абвінавачваньня Аляксандра Ярашука стаўся ягоны артыкул “Пірава перамога, альбо хроніка пікіруючага прафсаюза”, які ў жніўні зьявіўся ў газэце “Народная воля”.
Распавядаючы пра паседжаньне Вярхоўнага суду па справе Беларускага незалежнага прафсаюза авіядыспэтчараў, аўтар назваў суд “спэктаклем з загадзя вядомым канцом”. Аляксандар Ярашук дагэтуль лічыць, што судзьдзя Вярхоўнага суду Жукоўская не ўлічыла шмат якія факты і, зьліквідаваўшы прафсаюз авіядыспэтчараў, прыняла незаконнае рашэньне.
Цікава, аднак, што сёньня на працэс судзьдя Жукоўская не прыйшла. Не было ў судзе і прадстаўнікоў рэспубліканскай пракуратуры, якая з уласнай ініцыятывы вырашыла заступіцца за гонар судзьдзі. Абаронца Ярашука юрыст Уладзімер Адынец хадайнічаў, каб іх выклікалі ў суд, аднак атрымаў адмову. Ён лічыць, што суд адбываўся са шматлікімі парушэньнямі.
(Адынец: ) ”Быў парушаны прынцып галоснасьці. У будынку суда была парожняя вялікая заля, але ў яе людзей не пусьцілі, а ў кабінэт да судзьдзі змаглі ўвайсьці толькі 4 чалавекі. Да таго ж не было пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні, і наагул з матэрыяламі справы яго не азнаёмілі. Паводле гэтых прычынаў мы заявілі пра недавер да судзьдзі Шылько, але на ўсе хадайніцтвы атрымалі толькі адмову.”
Аляксандар Ярашук да абраньня ў 2002 годзе кіраўніком Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў узначальваў прафсаюз працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, які ўваходзіў у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі на чале з Уладзімерам Ганчарыкам. У гэтай якасьці ўлетку 2001 году Аляксандар Ярашук спрабаваў вылучыцца на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, але не сабраў неабходных дзеля гэтага 100 тысяч подпісаў.
Сваіх прыхільнікаў ён заклікаў аддаць галасы за кандыдыта ад аб’яднанай апазыцыі Уладзімера Ганчарыка. Пасьля няўдалых для апазыцыі выбараў уладамі Беларусі была распачатая атака на Фэдэрацыю прафсаюзаў, у выніку чаго Ўладзімер Ганчарык , а пасьля і Аляксандар Ярашук вымушаныя былі пакінуць свае пасады.
Працуючы ў кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў, Аляксандар Ярашук неаднаразова заяўляў, што беларускія ўлады парушаюць правы працоўных на свабоду прафэсійных аб’яднаньняў.
Адбываць пакараньне Аляксандр Ярашук будзе ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.