Аксана Новікава не чакала іншага рашэньня з боку пракуратуры. Адразу пасьля вынясеньня канчатковага абвінавачаньня яна паведаміла Радыё Свабода:
(Новікава: ) “Нічога нечаканага ў гэтым абвінавачаньні не было. Сьледчы не зьмяніў артыкул. У зьвязку са справамі Маркевіча, Мажэйкі, Івашкевіча мяне не зьдзіўляе абвінавачаньне, якое мне не зьмянілі й пакінулі другую частку гэтага артыкулу. Я маю маленькае дзіця. Ёй зараз год і сем месяцаў. Гэта пакараньне будзе ня толькі мне, але і майму дзіцяці. Толькі за тое, што я казала, што прэзыдэнт мае дачыненьне да зьнікненьня людзей, у тым ліку палітыкаў, і вінаваты ў эканамічных злачынствах”.
Нагадаем, Аксана Новікава летась 25 кастрычніка на Кастрычніцкім пляцы распаўсюджвала ўлёткі, якія з выгляду нагадвалі міліцэйскія абвесткі пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад партрэтам Лукашэнкі аўтары зьмясьцілі пералік шэрагу крымінальных артыкулаў, якія, на іх думку, ён парушыў. Аксану затрымалі і, нягледзячы на тое, што ў яе дома была маленькая дачка (год і чатыры месяцы), амаль двое сутак утрымлівалі ў ізалятары.
Адвакат Павал Сапелка лічыць, што сьледзтва, каб не прыцягваць увагу грамадзкасьці да тых абвінавачаньняў, якія пералічваліся ва ўлётках, галоўны акцэнт зрабіла на тым, што міліцыя насамрэч не абвяшчала пра вышук Лукашэнкі.
(Сапелка: ) “На жаль, пракуратура не выконвае ўскладзены на яе абавязак усебакова й аб’ектыўна высьвятляць усе абставіны дадзенай справы. У прыватнасьці, адхіліла хадайніцтвы пра допыты асобаў, якія маюць дачыненьне да гэтай справы і абставінаў, на якія спасылаецца Новікава. Я лічу, што расьсьледаваньне справы сьледчы павінен пачаць з допыту пацярпелага па ўсіх абставінах, якія распаўсюдзіла Аксана Новікава. Таксама сьледчы павінен дапытаць асобаў, якія займалі высокія пасады ў розныя гады — Бажэлка, Ціцянкоў ды іншыя. Крымінальна-працэсуальны кодэкс патрабуе, каб адпаведна зьвесткам, якія паведаміць Аксана Новікава, распачаць ці не крымінальную справу”.
Сьледчы Максім Падзярэй накіроўвае справу ў суд Цэнтральнага раёну. Паводле абвінавачаньня, Аксане пагражае штраф альбо абмежаваньне свабоды — так званая “хімія”.