ІНДУІСТАМ СТВАРАЮЦЬ УМОВЫ ДЛЯ МЭДЫТАЦЫІ НА АКРЭСЬЦІНА

Любоў Лунёва, Менск

Сярод вязьняў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка дзьве сямейныя пары — сям’я Акаданавых і сям’я Юсупавых. Ігар Юсупаў і Ірына Галавіна, грамадзянка Расеі, якая прыехала зь Пецярбургу, нядаўна пабраліся шлюбам. 17 жніўня на Кастрычніцкім пляцы Менску яны трапілі ў амонаўскі аўтобус. Іх арыштавалі на 10 сутак. Цяпер яны праводзяць мядовы месяц у розных камэрах.

Індуісты пасьля агалошваньня прысуду абвесьцілі галадоўку. Яны патлумачылі гэта тым, што паводле іх веры прыняцьце ежы ёсьць сьвятой таямніцай. У камэры, дзе трымаюць асацыяльных элемэнтаў — п’яніц, бамжоў, хуліганаў — яны есьці ня будуць. Начальнік спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка падпалкоўнік Алег Палутаў неахвотна адказаваў на пытаньні Радыё Свабода наконт стану здароўя арыштаваных вернікаў.

(Палутаў: ) “Сядзяць і будуць сядзець да заканчэньня вызначанага тэрміну. Стане кепска — будзе “хуткая”. Ня першы раз. Ня першы, не апошні і не дзясяты. Такіх дзеячоў шмат. Хай абвяшчаюць галадоўку, калі ў іх вагон здароўя. А можа, гэта яны так ачышчаюцца, альбо мэдытуюць?”

(Карэспандэнтка: ) “Для мэдытацыі ім патрэбныя спэцыяльныя ўмовы”.

(Палутаў: ) “Вось у нас тут і ёсьць спэцыяльныя ўмовы. У нас жа спэцпрыёмнік. А раз “спэц” — то гэта й ёсьць спэцыяльныя ўмовы”.

Індуістаў арыштавалі на 10 сутак. Паколькі суды над імі адбываліся чатыры дні запар, то й выйдуць яны ў розныя дні пры канцы тыдня. Засталася справа Тацяны Жылевіч. Тацяну за дзень да суду жорстка зьбілі ля пад’езда дома. Яна з страсеньнем мазгоў знаходзіцца ў 9-м клінічным шпіталі. Адміністрацыйная справа на Таццяну знаходзіцца ў Цэнтральным судзе Менску. Падчас судоў акрамя Тацяны Жылевіч ад хуліганаў пацярпелі яшчэ сем чалавек з індуісцкай суполкі “Шава-Шакта”.