УЛАДЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ІМКНУЦЦА КАНТРАЛЯВАЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ РЭЛІГІЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Гэта паказала сёньняшняя сустрэча ў Гомелі прадстаўнікоў аблвыканкаму і райвыканкамаў са сьвятарамі й кіраўнікамі розных рэлігійных аб’яднаньняў.

Заклікаючы сьвятароў да дыялёгу, намесьніца старшыні аблвыканкаму Раіса Ціханская, якая вяла сустрэчу, папікнула іх: “Што вы маўчыце? Такое ўражаньне, быццам вы ня елі”. Пасьля такой рэмаркі яна дала слова кіраўніку Савету ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімеру Кляўцову, якога пазьней назвала “генэралам ад рэлігіі”.

Так званы “генэрал ад рэлігіі” Кляўцоў паведаміў, што цяпер у рэгіёне дзейнічае 321 рэлігійная парафія чатырнаццаці розных кірункаў. Крыху менш як палова зь іх — праваслаўныя, астатнія — каталіцкія і пратэстанцкія. Ёсьць нават і суполка крышнаітаў.

Прыкладна паўдзясятка рэлігійных суполак прыхільнікаў Саюзу царквы Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў не жадаюць рэгістравацца. Яны ж, паводле словаў спадара Кляўцова, разам з Хрысьціянамі веры Эвангельскай падчас прэзыдэнцкіх выбараў схільныя былі да палітызацыі, да падтрымкі асобных палітычных партыяў.

Акурат пасьля гэтага Ўладзімер Кляўцоў, а пасьля і прадстаўнікі падатковай інспэкцыі, міліцыі вельмі шмат гаварылі пра парушэньні рэлігійнымі суполкамі беларускага заканадаўства. Пабудавалі малітоўны дом на прыватніка — парушылі жыльлёвае заканадаўства і Зямельны кодэкс. Запрасілі замежнага прапаведніка без дазволу ўлады — таксама парушэньне. Правялі масавае набажэнства — зноў-такі ўвайшлі ў канфлікт з Законам “Аб сходах і мітынгах”.

У гэтай сувязі рабін юдэйскай парафіі Леанід Дзіменштэйн заявіў:

(Дзіменштэйн: ) “Яшчэ адзін зварот у мяне да органаў улады. Цяпер мяне асабіста па руках і нагах скаваў дэкрэт прэзыдэнта №8. Мы існуем на ахвяраваньні. У асноўным на ахвяраваньні замежных арганізацыяў. І штомесячна, калі прыходзяць гэтыя сьціплыя сродкі, я вымушаны ісьці ў банк і пісаць клятву, што гэтыя няшчасныя 100–120 даляраў я ня буду выкарыстоўваць на скіданьне ўлады”.

Вельмі незадаволеныя прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў тым, што новы закон пра свабоду сумленьня ўлады прымаюць таемна. На сходзе таксама гэта не асьвятлялася, пакуль пытаньне не ўзьнялі сьвятары пратэстанцкіх суполак.

Вось меркаваньне памочніка прэсьвітэра царквы Адраджэньня хрысьціянскай веры Эвангельскай Уладзімера Драбышэўскага:

(Драбышэўскі: ) “Мы пра ўсё астатняе больш ведаем, чым пра гэты закон, які распрацоўваецца. Я гэта сказаў шчыра, як ёсьць на самай справе. Апроч таго, сродкі масавай інфармацыі, а іншым разам і прадстаўнікі органаў улады, нагнятаюць такое становішча і выдзяляюць праваслаўную царкву як вядучую, як больш традыцыйную. Я думаю, што для гэтага няма асаблівых падставаў”.