ПРАЦЯГВАЕЦЦА СПРАВА ПАМОЧНІЦЫ ПРАКУРОРА ПА АБВІНАВАЧАНЬНІ Ў ЗЬБІВАНЬНІ ПРЫЁМНАГА СЫНА

Галіна Абакунчык, Менск

Працэс доўжыўся з раніцы й да вечара два папярэднія дні, і многія ягоныя ўдзельнікі чакалі судовага вэрдыкту яшчэ ўчора. Позна ўвечары пасьля двухгадзіннага перапынку судзьдзя запрасіла ў кабінэт пракурорку, ейнага адваката, а таксама прадстаўніцу аддзелу апекі з боку хлопчыка. Што там адбывалася — невядома, бо слуханьні закрытыя, але празь дзесяць хвілінаў сакратарка паведаміла, што суд пераносіцца.

На пытаньне чаму паседжаньне па грамадзянскай справе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, і чаму 11-гадовы Мікіта даваў паказаньні без свайго адваката, судзьдзя Вольга Гусакова нічога адказаць не змагла. Але пра свае настроі хлопчык ахвотна распавёў перад сваякамі й настаўнікамі, як толькі выйшаў з кабінэту судзьдзі:

(Карэспандэнтка: ) "Ну як ты маесься?"

(Князеў: ) "Нармалёва. Цяпер я ў санаторыі ў Астрашыцкім гарадку. У мяне ўжо сябры там ёсьць. Там добра".

(Карэспандэнтка: ) "А тут страшна было?"

(Князеў: ) "У кабінэце? Не, проста вельмі стаміўся".

(Карэспандэнтка: ) "А пасьля санаторыя дзе ты хочаш жыць?"

(Князеў: ) "У сваякоў. З бабуляй Нінай, дзядзькам Сяргеем".

(Карэспандэнтка: ) "А з мамай?"

(Князеў: ) "Ні пры якіх умовах. Не хачу".

Паводле патрабаваньняў адваката пракуроркі, сёньня суд слухаў сьведкаў — у пераважнай большасьці з боку сваёй падабароннай. У выніку зноў было прынятае рашэньне аб пераносе суду. Гэта выклікала абурэньне ў сваякоў хлопчыка, якія надта незадаволеныя тым, як праходзіць працэс. Гаворыць сваячка Мікіты Натальля Казлоўская:

(Казлоўская: ) "Яна ня мае права насіць гэтыя пагоны й ганьбіць органы, у якіх працуе. Інспэктары па апецы таксама вінаватыя, што яе не кантралявалі, кім бы яна ні была. Вядома, гэта тое становішча, якое склалася ў нас у Беларусі. Але калі б гэта было недзе ў заходніх краінах, то гэткая б маці сядзела бы ў турме й яе пазбавілі бы ўсяго".

Незалежна ад судовага вэрдыкту, жанчына зьбіраецца зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць пракурорку да крымінальнай адказнасьці за катаваньне дзіцяці, а таксама адабраць у Князевай маёмасьць, якая належыць Мікіту. Нагадаю, што, паводле сваякоў малога, у выніку шлюбу зь ягоным дзедам, Князевай засталіся грошы ад прададзенага ўчастку зямлі ў Калодзішчах, які належыў сям’і Мікіты. Акрамя таго, на сябе й прыёмнага сына пракурорка атрымала службовую кватэру. У сваю чаргу, паводле непацьверджаных зьвестак, Князева зьвярнулася ў Міністэрства адукацыі са скаргай на настаўнікаў, якія нібыта парушылі таямніцу ўсынаўленьня й перашкаджалі ёй сустракацца з сынам. Судовае паседжаньне будзе працягнутае ў панядзелак, 8 красавіка.