МЕРКАВАНЬНІ ПАЛІТЫКАЎ І ЮРЫСТАЎ ПРА ВЫНІКІ СУДОВАГА ПРАЦЭСУ НАД ГРУПОЎКАЙ ІГНАТОВІЧА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Учорашні вэрдыкт, вынесены Менскім абласным судом групоўцы Ігнатовіча, абвінавачанай у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, пакінуў шмат пытаньняў і збольшага без задавальненьня сустрэты лідэрамі беларускай грамадзкай думкі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што рашэньне судзьдзяў шмат у чым тлумачыцца палітычнай мэтазгоднасьцю.

(Лябедзька: ) "З самага пачатку ў мяне было ўражаньне, што ўлады спрабуюць знайсьці людзей, на якіх можна ўскласьці адказнасьць і зьняць гэтае пытаньне з парадку дня. Але ці дабіліся яны сваёй мэты? Мяркую — не. У большасьці будзе недавер да прысуду, бо не даказана, што гэтыя людзі зьдзяйсьнялі злачынства адносна Зьмітра Завадзкага. А галоўнае, таму што фактычна не закраналася пытаньне, хто ёсьць заказчыкам злачынства".

З пазыцыяй Анатоля Лябедзькі адносна нявысьветленасьці заказчыкаў выкраданьня Завадзкага згодная вядомая адвакатка Вера Страмкоўская. Яна лічыць гэтае зьвяно асноўным у справе і адзначае, што прафэсійныя сьледчыя і судзьдзі невыпадкова абыйшлі яго ўвагай.

(Страмкоўская: ) "Такі прысуд мог быць на падставе нейкіх дамоваў, я гэтага не выключаю. Для мяне справа Завадзкага засталася таямнічай. Няма ніякай яснасьці наконт таго, куды зьнікаюць людзі ў Беларусі, ці сапраўды вінаваты Ігнатовіч і тыя, каго зь ім асудзілі".

Дэпутат Нацыянальнага сходу, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч прысудам Ігнатовічу таксама не задаволены. Ён лічыць, што ўлады сваімі рукамі стварылі гэтую незадаволенасьць многіх людзей, калі засакрэцілі працэс і адмовілі ў стварэньні дэпутацкай камісіі ў справе нагляду за расьсьледаваньнямі справаў зьніклых палітыкаў.

(Пашкевіч: ) "Ніколі з гэтым не пагодзяцца 100% насельніцтва і палітыкаў, бо прадэманставанае вядзеньне справы няправільнае, кропкі ўсе не расстаўленыя. Яшчэ заўважу, што ўлада таксама робіць няправільна, калі праводзіць працэс закрытым, калі не падпускае палітыкаў, калі адмовіліся ад прапановы стварыць дэпутацкую камісію. Гэтым самым дзейная ўлада сама робіць справу палітычнай".

Іван Пашкевіч не бярэцца прагназаваць, калі стане вядомая ўся праўда пра зьнікненьне Завадзкага.

Як запэўнівае Анатоль Лябедзька, апазыцыя не зьбіраецца хаваць у архіў справу Зьмітра Завадзкага, як гэта імкнецца зрабіць улада.

(Лябедзька: ) "Справа Завадзкага застаецца ў адным шэрагу са справай Ганчара, Красоўскага, Захаранкі. Судовыя працэсы паводле іх могуць адбыцца толькі калі палітычны рэжым ня будзе ўплываць на судовую сыстэму, калі яна насамрэч будзе незалежнай".