МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ АКЦЫІ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

Міхал Стэльмак, Менск

На ягоны заклік раніцай на вуліцы Энгельса, што насупраць будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, сабралася каля двух дзясяткаў лідэраў і актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Вось што паведаміў нашаму радыё прэзыдэнт кангрэсу Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Сёньня многія прафсаюзы сьвету будуць ладзіць акцыі ў падтрымку дзеяньняў беларускіх прафсаюзаў. Гэта зьвязана з тым, што Міжнародная арганізацыя працы вынесла сур'ёзнае папярэджаньне ўладам у сувязі з парушэньнямі правоў беларускіх прафсаюзаў. І вось сёньня актывісты кангрэсу прыехалі, каб паўдзельнічаць у пікеце. Мы накіравалі адпаведную заяўку, каб нам далі дазвол, але Менгарвыканкам аніяк не адрэагаваў на нашу заяву".

Аднак як толькі пікетоўцы разгарнулі плякаты з надпісамі "Не — парушэньню правоў прафсаюзаў у Беларусі","Патрабуем зарэгістраваць прафсаюзныя суполкі на МТЗ і МАЗе", "Спыніце перасьлед Свабоднага прафсаюзу на Магілёўскім аўтазаводзе" ды іншыя, да іх зьвярнуліся міліцыянты з патрабаваньнем спыніць акцыю. Як вынікала зь іхнага тлумачэньня, Менгарвыканкам забараніў прафсаюзную акцыю:

(Аляксей: ) "Гэта — адзінкі. Але такіх вельмі мала. Трэба браць усіх людзей, якія працуюць".

(Карэспандэнт: ) "Што вы думаеце наконт прафсаюзнай акцыі? Вось гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што яны прафсаюзы і абараняюць правы працоўных".

(Ананім: ) "Правільна. Бо мы працуем за пяць капеек, як папы Карлы".

Прафсаюзная акцыя працягвалася паўгадзіны. Міліцыянты атрымалі загад затрымаць пікетоўцаў. Сілавое спыненьне акцыі ўразіла і прадстаўніка Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў у краінах СНД і Беларусі Антона Лепіка, які зазначыў:

(Лепік: ) "Сёньня — адметны дзень. Прафсаюзы ва ўсім сьвеце ладзяць акцыі, зьвязаныя з глябалізацыяй. З тым, каб прымусіць працаваць глябалізацыю на чалавека. У Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі Садружнасьці найбольш яўна парушаюцца правы прафсаюзаў. Суды тут працуюць на ўладу. Таму лягічна абараняць сваю свабоду гэткімі акцыямі. Тое ж, што міліцыя хутка атачыла і забрала ўсіх без разбору, у тым ліку і тых, хто прыйшоў паспачуваць, гэта яшчэ раз паказвае таталітарны характар дзяржавы".