У ПАМЯЦЬ ВЯЗЬНЯЎ СТАЛІНСКІХ ТУРМАЎ У ВІЦЕБСКУ ГАРЭЛІ СЬВЕЧКІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Шасьцёра сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ правялі сёньня адмысловую акцыю памяці, пазначыўшы памятнымі крыжамі мясьціны масавых растрэлаў ды пахаваньняў у Віцебску.

Першы памятны крыж з надпісам: “У гэтым рове сталінскім ды гітлераўскім рэжымамі зьнішчаныя тысячы беларускіх грамадзянаў” быў усталяваны на ўзьбярэжжы рэчкі Віцьбы, недалёка ад Акадэміі ветэрынарнае медыцыны. Колькі гадоў таму гарадзкія ўлады паставілі на гэтым месцы помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. А вось памяць ахвяраў мірнага часу – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якія сустрэлі сваю сьмерць менавіта тут, была ушанаваная землякамі толькі сёньня. І цяпер побач з каменным помнікам-стэлай стаіць высокі драўляны крыж, які асьвяціў айцец Зьміцер Грышан, сьвятар тутэйшае грэка-каталіцкае парафіі. Таксама ён адслужыў тут імшу па ўсіх бязьвінна закатаваных суграмадзянах.

Яшчэ адзін памятны крыж сябры Кансэрватыўна- Хрысьціянскай Партыі БНФ усталявалі якраз побач зь летнім амфітэатрам, дзе штогод праводзіцца славуты “Славянскі базар”. Калі будавалі гэтую вялізную канцэртную залю з шыкоўнай прэзыдэнцкай ложай ды шматлікімі кавярнямі, абласныя ўлады нібыта забыліся на тое, што тут, у Задунаўскім яры, ляжаць сотні закатаваных віцяблянаў. Гаворыць старшыня Віцебскае суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Уладзімір Плешчанка.

(Плешчанка: ) «Тут не растрэльвалі, тут толькі закопвалі людзей, таму што гэта цэнтар гораду, і тут страляць быяліся. Стралялі ў турмах, у сутарэньнях КГБ . Але паліва не хапала, і нябожчыкаў па начох выцягвалі ды закопвалі проста тут. А потым, калі ў 90-х гэты амфітэатр будавалі, шмат касьцей падаставалі былі зь зямлі, я сам быў сьведкам гэтага…”

Колькі разоў пра масавыя пахаваньні на месцы летняга амфітэатра нагадвалі гарадзкім уладам і тутэйшыя краязнаўцы, і сябры Таварыства Беларускай Мовы. Але ўлады дагэтуль ігнаруюць іхныя напаміны. І вось сёньня на гэтым жалобным месцы ўсталяваны памятны крыж з надпісам: “Шматлікім ахвярам сталінскага рэжыму”.

Завяршылася сёньняшняя акцыя на так званай Успенскай горцы, дзе таксама, паводле ўспамінаў віцебскіх старажылаў, знаходзяцца масавыя пахаваньні растраляных у турмах НКВД і КГБ. Ці не штогод у часе земляных працаў тут знаходзяць чалавечыя косткі. Вось і сёлета ўвесну, калі тут пачыналі пракладаць тэлефонны кабель да суседняга будынку КГБ, будаўнікі ізноў натрапілі на парэшткі людзей з дагэтуль нявызначанага пахаваньня. Нехта з уладаў сьцвярджае, што тут пахаваныя ахвяры фашыстаў, а хтосьці глыбока перакананы, што гэта вязьні сталінскіх турмаў…

Хто б яны не былі, гэтыя людзі, у іхную памяць тут сёньня гарэлі сьвечкі.