РАСШУКАНЫ НАШЫМ КАРЭСПАНДЭНТАМ СЬВЕДКА МЯЦЕЛЬСКІ АБВЯРГАЕ ЗАЯВЫ ЖАРНАСЕКА І ЎГЛЯНІЦЫ

Алег Грузьдзіловіч, Барысаў

Заходзячы ў пад'езд дому ў Барысаве, дзе жыве Віталь Мяцельскі, я ледзь не параніў руку аб цьвік, які тырчаў у дзьвярах замест клямкі. Потым, шукаючы ў прыцемках ліфт, ледзь не разьбіў галаву аб рог бруднага калідору. "Ды ў нас з пад'ездаў усё выносяць — і шкло, і лямпачкі, і нават дзьверы. Паратунку няма ад гэтых беспрацоўных!" — паскардзілася маці Віталя Тацяна Сідараўна, калі я ўвайшоў у цёплую ўтульную кватэру.

"Сын будзе хутка, тавар адвязе і прыедзе", — тлумачыць жанчына.

Праз паўгадзіны зьяўляецца Віталь Мяцельскі. Каб пераканацца, што гэта той самы былы кіроўца ў спэцбрыгадзе ўнутраных войскаў, пра якога Ўгляніца і Жарнасек сьцьвярджалі, што ён ёсьць сьведкам зьнішчэньня Ганчара і Красоўскага, пытаюся, у прыватнасьці, пра Паўлічэнку, які нібыта камандаваў "эскадронам сьмерці". Паўлічэнку Віталь добра ведае.

(Мяцельскі: ) "Я не пры ім служыў. У вайсковай частцы 3214 камандзір быў іншы. А ўжо потым на базе спэцназу стварылі СОБР, дзе камандзірам быў Паўлічэнка".

(Карэспандэнт: ) "Ці бывалі вы на базе пад Бягомлем?"

(Мяцельскі: ) "...Бываў".

(Карэспандэнт: ) "А было там такое, што аднойчы ў лес прыехалі нейкія машыны, вы чулі два стрэлы, а потым сябры вам сказалі, што яны закопвалі нейкі джып?"

(Мяцельскі: ) "Гэтага я ня чуў, нічога такога не было".

Адрас Віталя Мяцельскага паведаміў мне па тэлефоне Андрэй Жарнасек, які цяпер у Нарвэгіі. Жарнасек адмовіўся даваць інтэрвію Радыё Свабода, але сказаў, дзе шукаць Мяцельскага, які, паводле яго, застаецца галоўным сьведкам выкраданьня і зьнішчэньня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Між тым, як вынікае з маёй размовы зь Мяцельскім, ён ня чуў ніякіх стрэлаў, ня бачыў чужых машынаў побач з часткай, ніхто зь сяброў не пахваляўся перад ім, што міністар Сівакоў быццам раздаваў нейкія грошы за зьнішчэньне джыпа.

Карацей, Мяцельскі на ўсе мае пытаньні адносна зьвестак з касэты Ўгляніцы–Жарнасека адказваў рашучым "не". А саміх аўтараў касэты ён пазнаў як людзей, якія тройчы прыходзілі да яго ў жніўні й спачатку назваліся супрацоўнікамі расейскага КГБ.

(Мяцельскі: ) "Сказаў, што калі ты даведаесься, хто мы, табе будзе яшчэ складаней. Потым, калі яны трэці раз прыйшлі, я запытаўся зноў, хто яны. Тады кажуць, што з расейскага КГБ. Кажуць, што гэты былі быццам бы нашыя хлопцы, і мы іх проста не аддамо".

(Карэспандэнт: ) "Пра каго гэта яны казалі?"

(Мяцельскі: ) "Сьцьвярджалі, што гэта СОБР выкраў гэтых людзей".

(Карэспандэнт: ) "А чаго яны ад вас дамагаліся? Каб вы пацьвердзілі гэта ці наадварот?"

(Мяцельскі: ) "Яны хацелі, каб я нешта распавёў і каб пацьвердзіў гэта. Казалі, што, відаць было тое, што вы выяжджалі ў пэўны вечар. Я кажу: такога не было, усе былі на базе... А яны: чаму, пэўна ж выяжджалі... Прапаноўвалі пацьвердзіць, што так было, а яны вывязуць мяне за мяжу. Бо потым, маўляў, цябе тут могуць проста не знайсьці".

(Карэспандэнт: ) "А на чым базавалася іхная ўпэўненасць, што вы нешта можаце ведаць?"

(Мяцельскі: ) "Мяркую, яны сыходзілі з таго, што я быў кіроўцам і таму павінен быў кудысьці езьдзіць і нешта ведаць".

Віталь Мяцельскі кажа, што не паверыў у шчырасьць візытораў, бо паводзілі яны сябе ня вельмі ўпэўнена. Прыкладам, адзін занадта нэрваваўся і "апрануты быў ня так, як належыць супрацоўніку КГБ". Але інфармаваць пра іх міліцыю Віталь не наважыўся, бо яны нічым яму не пагражалі.

Мяцельскі адзначае, што прозьвішчы, якія называлі Жарнасек і Ўгляніца — гэта прозьвішчы рэальных людзей. Сапраўды, Куклін, Мурашка, Наватарскі ў спэцбрыгадзе разам зь ім служылі і служаць цяпер. Але ў тое, што яны датычныя да выкраданьня апазыцыянэраў, Мяцельскі ня верыць. Ня верыць ён і ў віну былога камандзіра СОБРу Паўлічэнкі, якога называе "вельмі добрым чалавекам".

Што ж тычыцца дробных дэталяў з быццам ягонага расповеду, то і тут Мяцельскі шмат чаго не пацьвярджае. Прыкладам, паводле матэрыялаў Ўгляніцы і Жарнасека ён заяўляў, што СОБР нібы карыстаецца машынамі, зьмяняючы іх нумары. Гэта Мяцельскі абвяргае.

(Мяцельскі: ) "Нумары былі заўсёды чырвонага колеру, адныя і тыя ж. Бо дакумэнты, тэхпашпарт і іншыя паперы былі прывязаныя да пэўных аўто. Калі спыняць і правераць, то пры іншых нумарах будзе несупадзеньне".

(Карэспандэнт: ) "А што вам вядома пра гэтак званыя пропускі "нечапайка"? Ці былі такія пропускі на машынах вашай часткі?"

(Мяцельскі: ) "Я нават ня ведаю. Я быў кіроўцам "ўазіка" і ў мяне такога пропуску не было, а што там было... Я ня ведаю, былі там "нечапайкі", ці не".

Яшчэ адзін няпэўны адказ прагучаў наконт паласы перашкодаў, на якой быццам закапаны джып Ганчара і Красоўскага. "Паласа ёсьць, але што там на ёй — я ня ведаю, ніколі там ня быў", — кажа Мяцельскі. Ва ўсім астатнім ён катэгарычны: "Нічога не было, нічога ня ведаю".

Нагадаю, на падкінутай ў мас-мэдыі касэце былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек абвінавацілі пэўных кіраўнікоў краіны ў датычнасьці да зьнішчэньня апазыцыянэраў, у тым ліку Ганчара і Красоўскага. У якасьці сьведкі быў названы Віталь Мяцельскі (дарэчы, памылкова нейкі час яго называлі Аляксандрам), але сам ён зь відэазаявай ня выступіў.

Мяцельскі сьцьвярджае, што ён проста нічога ня ведае, але ня выключана, што ён кажа гэтак толькі цяпер. Гэтак сама былы генэральны пракурор Алег Бажэлка, паводле Васіля Лявонава і Валерыя Кеза, меўся выступіць з выкрыцьцём пэўных асобаў у справе Ганчара і Красоўскага, але не зрабіў гэтага і цяпер без праблемаў жыве ў Менску. А Віталь Мяцельскі — у Барысаве, у доме з выкрадзенымі дзьвярыма.