«ЗУБРЫ» ПРАЦЯГВАЮЦЬ АБСКАРДЖВАЦЬ ПРЫМУСОВАЕ ТРЫМАНЬНЕ Ў НЯВОЛІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Лідэрам моладзёвай арганізацыі "Зубар" Цімафею Дранчуку і Аляксею Шыдлоўскаму прапанавалі адмовіцца ад скаргаў на сьледчых, а наўзамен ім паабяцалі прыпыніць крымінальную справу. Прапанову перадалі праз адвакатаў, якіх сёньня адмыслова запрасілі ў гарадзкую міліцыю на размову. Паводле нашых зьвестак, сьледчыя заявілі, што лепш заключыць "міравое пагадненьне", чым судзіцца з "зубрамі".

Нагадаю, больш як месяц таму Цімафея Дранчука, Аляксея Шыдлоўскага і яшчэ двух сяброў арганізацыі "Зубар" затрымалі, калі яны малявалі на сьценах надпісы палітычнага зьместу.

У міліцыі Дранчука й Шыдлоўскага зьбівалі, што ім удалося засьведчыць. Да таго ж яны перакананыя, што трымалі іх за кратамі цягам трох дзён незаконна. Хлопцы паскардзіліся ў пракуратуру і маюць, паводле адвакатаў, вялікія шанцы выйграць працэс супраць сьледчых.

Гэта, відаць, зразумелі й сьледчыя, бо цяпер настойліва прапануюць "міравое пагадненьне". Між тым, Дранчук і Шыдлоўскі заяўляюць, што кампрамісу ня будзе. Яны гатовыя давесьці сваю скаргу на міліцыянтаў да судовага разьбіральніцтва, не зважаючы на магчымыя прысуды па крымінальнай справе за "графіці".

(Дранчук: ) "Калі мы вінаватыя, то паўстанем перад судом, а калі не — пакараныя будуць тыя, хто зрабіў правапарушэньне. Але ніякай нашай віны няма ў тым, што мы напісалі тое, што хвалюе нашых грамадзянаў — дзе Ганчар, дзе Завадзкі, дзе Красоўскі й Захаранка", — сказаў адзін зь лідэраў маладзёвай арганізацыі "Зубар" Цімафей Дранчук.