Нагадаю, што прызначаны на пасаду судзьдзі тагачасным прэзыдэнтам Лукашэнкам, Юры Сушкоў першую сваю справу закончыў паводле загаду зьверху і ціску КГБ – гэта значыць, пакараў бязьвінных людзей.
Потым, за год працы ён тройчы выносіў апраўдальныя прысуды тым, каго ўлады патрабавалі пакараць.
Перад тым як выехаць на эміграцыю Юры Сушкоў даў прэсавую канфэрэнцыю ў праваабарончым цэнтры “Вясна-96” у часе якой сказаў, што беларуская судовая сыстэма – гэта частка рэпрэсіўнае сыстэмы, якая засталася ў краіне ад савецкіх часоў і сумленная праца ў гэтай сыстэме – небясьпечная для жыцьця. “Трэба сказаць, – гаварыў тады Сушкоў, – што ў нас прысуды выносяць тыя міліцыянты, якія арыштоўваюць людзей, і тыя дзяржаўныя асобы, якія аддаюць загады”.
Сёньня Юры Сушкоў – наш суразмоўца.
(Сокалаў: ) “Сп. Юры, як сталася, што замест Нямеччыны вы апынуліся ў Італіі?”
(Сушкоў: ) “Справа ў тым, што я меў італьянскую візу, а на падставах Дублінскага пагадненьня маю справу мусіла разглядаць краіна якая дала візу”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Ці вы, пасьля таго, як выехалі ў Нямеччыну, прыяжджалі ў Беларусь?”
(Сушкоў: ) “Я вяртаўся ў Беларусь увесну 99-га году. Чакаліся выбары прэзыдэнта. Апазыцыя да іх рыхтавалася, і я хацеў быць разам з усімі. Я спадзяваўся, што мы здолеем нешта зьмяніць у Беларусі”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Ці зьмянілася нешта ў Беларусі за часы вашай адсутнасьці?”
(Сушкоў: ) “Нічога не зьмянілася. Я сустракаўся са сваімі былымі калегамі, з прадстаўнікамі апазыцыі. Яны сказалі, што стала толькі горш. Зрэшты, я і сам гэта бачыў. І на будучае таксама не выглядала, што нешта зьменіцца”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Як ішоў разгляд вашай справы?”
(Сушкоў: ) “Разгляд маёй справы – доўгая працэдура. У іншых краінах гэта ня так. Я магу параўноўваць, бо маю сяброў і калегаў у іншых краінах. У Італіі ідзе вельмі ўважлівы разгляд такіх справаў. Я падаў шмат дакумэнтаў. Потым мяне выклікалі на адмысловую камісію. Пасьля шасьцімесячнага разгляду маёй заявы і матэрыялаў 16 студзеня сёлета мяне прызналі палітычным уцекачом, і я атрымаў адпаведны статус”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Вы атрымалі палітычны прытулак у Падуі, дзе блізу 500 гадоў таму вучыўся Францішак Скарына. Выглядае, што ад тых часоў вы першы беларус, які мае там легальны статус...”
(Сушкоў: ) “Гэта сапраўды так, бо ў Італіі атрымаць палітычны прытулак нялёгка. Тут, у Падуі, яго практычна нікому не даюць. Паводле інфармацыі ад журналістаў, я першы ня толькі сярод беларусаў, але й сярод прадстаўнікоў некаторых іншых народаў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І чым Вы цяпер займаецеся?”
(Сушкоў: ) “Цяпер я шукаю сабе працу, а таксама спрабую арганізаваць які-небудзь дэмакратычны саюз беларусаў у Італіі. Нас тут вельмі мала, але я спрабую зрабіць нешта ў гэтым накірунку”.