Беларуская вайсковая пракуратура адхіленая ад сьледзтва ў справе Зьмітра Завадзкага, а ейны кіраўнік Вячаслаў Любавіцкі кажа, што ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць публікацыю ў “БДГ” пра дачыненьне Зьмітра Паўлючэнкі, камандзіра вайсковае часткі ўнутраных войскаў, да зьнікненьня Завадзкага.
Беларускі вайсковы пракурор Вячаслаў Любавіцкі ў часе сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыі пра леташнія вынікі дзейнасьці вайсковае пракуратуры пацьвердзіў, што гэтая структура адхіленая ад сьледзтва ў справе Завадзкага, хаця ў прэсе зьяўляюцца зьвесткі пра дачыненьне да гэтага зьнікненьня шэрагу былых або цяперашніх вайскоўцаў.
(Любавіцкі: ) "У справе па факту зьнікненьня журналіста Завадзкага папярэдняе сьледзтва праводзіць пракуратура рэспублікі. Вайсковая пракуратура практычнага ніякага ўдзелу ў расьсьледаваньні гэтае крымінальнае справы не бярэ.
Наш адзіны прадстаўнік уваходзіць у тую групу ды адпрацоўвае там нейкія пэўныя пытаньні, якія яму даручаюць. Ён цалкам уваходзіць туды, на гэты час прыкамандзіраваны, і да нас на працу ўвогуле не зьяўляецца", — паведаміў пракурор Любавіцкі.
Але былы начальнік кантрольна-рэвізійнае ўправы Міністэрства культуры Аляксандар Грачоў у інтэрвію “Белорусской деловой газете” заявіў, што ў самы пярэдадзень гучных адставак старшыні КГБ Уладзімера Мацкевіча ды генэральнага пракурора Алега Бажэлкі “апэратыўнікі, якія працавалі ў справе Завадзкага, выйшлі на камандзіра вайсковае часткі 3214 Паўлючэнку”.
Паводле крыніцаў спадара Грачова, “падчас арышту Паўлючэнкі ў яго забралі каля 120 тысячаў даляраў, пазыковыя расьпіскі, зь якімі ягоныя спэцназаўцы выбівалі даўгі, а таксама 16 відэакасэтаў, а на гэтых касэтах здымкі шэрагу забойстваў”.
Вось як пракамэнтаваў гэтую публікацыю “Белорусской деловой газеты” за 2 лютага беларускі вайсковы пракурор Вячаслаў Любавіцкі.
(Любавіцкі: ) “Тое, што надрукавана ў “БДГ”, а я, дарэчы, прачытаў уважліва ўсе гэтыя выказваньні, мы ня можам ні абвергнуць, ні пацьвердзіць. Нічога з гэтай нагоды сказаць ня можам — мы ня маем аніякай інфармацыі".
А на маё пытаньне, ці ня можа вайсковая пракуратура сама праверыць апублікаваныя зьвесткі, Вячаслаў Любавіцкі адказаў гэтак:
(Любавіцкі: ) "Яшчэ раз кажу: расьсьледаваньне праводзіць пракуратура рэспублікі. Калі яна палічыць патрэбным, яна нам гэтыя матэрыялы дашле. Гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў іх. Тады мы будзем праводзіць ці то праверку, ці то распачынаць крымінальную справу", — зазначыў беларускі вайсковы пракурор.
Нагадаю, што тэлеапэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік у Менску 7 ліпеня, роўна 7 месяцаў таму. І ўжо прайшло два месяцы пасьля зьмены генэральнага пракурора ды старшыні КГБ, аднак ніякіх новых зьвестак пра лёс журналіста за гэты час не паведамілі.
Кіраўнік вайсковае пракуратуры зрабіў сёньня яшчэ й сэнсацыйную заяву пра справу былога начальніка Віленскага гарнізону савецкае арміі Ўладзімера Ўсхопчыка. На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода спадар Любавіцкі адказаў:
(Любавіцкі: ) "Ніколі літоўская пракуратура на нас у справе, скажам, асобы намесьніка міністра абароны Ўсхопчыка не выходзіла", —заявіў беларускі вайсковы пракурор, дадаўшы, што ўвогуле кантакты з пракуратурай Літвы ёсьць — ёсьць нават дамова пра ўзаемную дапамогу.