Лёс архіваў Андрэя Сахарава, афіцэры ГБ у адміністрацыі Пуціна ды іншае.

Сяргей Навумчык

Удзельнічае: Алена Бонэр.

(эфір 6.06.2000)

Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык

У папярэдніх перадачах вы чулі інтэрвію з вядомай праваабаронцай, жонкай акадэміка Дзьмітрыя Сахарава Аленай Бонэр, прысьвечаныя ўзаемаадносінам з КГБ і фэномэну аднаўленьня магутнасьці расейскіх спэцслужбаў.

Гутарылі мы з Аленай Бонэр (нагадаю, яна цяпер жыве ў Бостане, ЗША) і пра архівы Андрэя Сахарава. Архівы КГБ – асобная тэма, якую мы не абыдзем у наступных перадачах. Але гісторыя з Сахараўскімі архівамі, канфіскаванымі ў свой час КГБ, паказальная, найменш, з трох прычынаў.

Па-першае, яна адбывалася параўнаўча нядаўна.

Па-другое, з усіх тых асобаў, за якімі ў апошнія дзесяцігодзьдзі існаваньня савецкага ладу сачыла КГБ, Сахараў быў самай знакамітым: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, тройчы Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік, прызнаны лідэр дысыдэнцкага руху.

Па-трэцяе, пасьля краху камуністычнай сыстэмы новая расейская ўлада была зацікаўленая ў тым, каб як мага больш выявіць вернасьць сахараўскім ідэалам. Гэта тычылася і пэрсанальна Ельцына. Тым больш цікава паглядзець, што атрымалася ў выніку.

Сахараў і Бонэр пад час сваёй дысыдэнцкай дзейнасьці перажылі некалькі дзесяткаў афіцыйных ператрусаў – і ў Маскве, і потым ў Горкаўскай высылцы. Канфіскаваныя пад час ператрусаў матэрыялы Алене Бонэр вярнулі.

(Бонэр: ) "Нейкі Гусінскі прынес мне ўжо пасьля сьмерці Андрэя некаторыя дакумэнты, канфіскаваныя пад час ператрусу ў мяне ж. Пакаяньняў ніякіх не было. Ён прынес – я ўзяла. Ён мяне спрабаваў выклікаць да сябе за гэтымі дакумэнтамі, але я сказала: "Дзе ўзялі – там і пакладзіце". Ну, вось ён і прынес".

Але акрамя ператрусаў афіцыйных, з санкцыяй пракурора, КГБ зьдзяйсьняла і ператрусы патаемныя – у той час, калі Сахараў і Бонэр адсутнічалі ў кватэры. Такая нагода здаралася даволі часта – яшчэ калі Сахараў ня быў адпраўлены ў высылку, акадэмік выходзіў у пікеты ў абарону палітвязьняў, прысутнічаў на судовых паседжаньнях. І ўвесь час вёў дзеньнікі. І ў Маскве, і ў Горкім.

(Бонэр: ) "Самае галоўнае, што былі скрадзеныя два сшыткі дзёньнікаў. Гэта асобны пэрыяд дзёньнікавы. Ня ўсе дзёньнікі – у мяне ёсьць больш за дзьве тысячы старонак дзёньнікавых запісаў. Але вось там быў горкаўскі пэрыяд. Два "горкаўскія" сшыткі скрадзеныя. Вось гэта мне не вярнулі. І сказалі, што гэта – зьнішчана разам з нашымі справамі. І акт далі мне, на зьнішэньне тамоў. А што ў гэтых тамах – не пералічана".

Алена Бонэр прыгадвае, што пасьля таго, як былі скрадзеныя дзёньнікі, Сахараў быў вымушаны ўсе найбольш істотныя запісы насіць з сабой. Вось характэрная дэталь. Звычайна ў прадуктовую краму хадзіла Алена Бонэр, Сахараў заставаўся ў кватэры. Калі Бонэр паехала ў Стакгольм атрымоўваць Нобэлеўскую прэмію (Сахарава, як вядома, не выпусьцілі), па прадукты давялося хадзіць самому Сахараву. Запісы і матэрыялы ён браў з сабой. Іх было так шмат, што вага валізкі дасягала 12 кіляграмаў.

(Бонэр: ) "Дарэчы, пра скрадзеныя дакумэнты. Справа ў тым, што КГБ заўсёды адмаўляла, што яны скралі гэтыя дакумэнты. А там, у Горкім, двойчы валізкі ў нас скрадалі, і Андрэй падаваў афіцыйныя заявы пра крадзёж. Але яны сьцьвярджалі, што гэта скралі банальныя злодзеі. Але ў матэрыялах КГБ, якія я потым чытала, былі дакладныя запіскі, што, маўляў, шляхам апэратыўных мерапрыемстваў – а апэратыўныя мерапрыемствы, гэта вось як Радуева схапілі, – дык вось шляхам апэратыўных мерапрыемстваў Камітэт дзяржбясьпекі атрымаў гэткія і гэткія дакумэнты. Разумееце? Дакумэнт ёсьць пра тое, што яны – злодзеі!"

Пасьля сьмерці Сахарава, на пачатку 90-х, Алена Бонэр зьвярнулася з просьбай высьветліць лёс скрадзеных дакумэнтаў. Тагачасны кіраўнік ФСБ стварыў адмысловую камісію для пошукаў матэрыялаў. У той момант усім ужо быў відавочны маштаб асобы Сахарава і бясспрэчная гістарычная каштоўнасьць ягоных рукапісаў. Шукалі, найперш, дзёньнікавыя сшыткі. Алена Бонэр працягвае:

(Бонэр: ) "Вось гэта былі тоўстыя, "агульныя" сшыткі. Я не разумею… Не ўяўляю… Вось была камісія ў справе зьнішчэньня нашых справаў. У Андрэя Дзьмітрыевіча – дзьвесьці тамоў. А маіх – трыста семьдзесят тамоў. У мяне справа была ў два разы большая, чым у Андрэя. І я, як казаў Андрэй Дзьмітрыевіч, была "злачынца нумар адзін". І акты на зьнішчэньне гэтых тамоў падпісаныя трыма высокімі чынамі КГБ. Яны зьнішчалі іх уласнаручна. І я не ўяўляю, як супрацоўнік КГБ, адукаваныя, які-небудзь там палкоўнік, зьнішчаў рукапісы Сахарава! Гэта трэба быць сьляпым, непісьменным, серым чалавекам з сярэднявечча. Я не ўяўляю гэтага…"

Зразумела, лепшае месца для захоўваньня Сахараўскіх матэрыялаў, дзе яны былі б даступныя для дасьледчыкаў і навукоўцаў – Сахараўскі музэй, які Алена Бонэр намагаецца стварыць ўжо шмат гадоў. Спадзяваньняў на цяперашнюю расейскую ўладу няма – пасьля таго, як Бонэр асудзіла вайну ў Чачні. Ніводнага адказу не атрымала яна і на звароты да двухсот найбуйнейшых расейскіх банкаў. І чым далей, тым менш спадзяваньняў застаецца ў Алены Бонэр на тое, што дзёньнікі Сахарава знойдуцца.

(Бонэр: ) "Я напісала "Адкрыты ліст" Ельцыну, яно і ў расейскамоўнай прэсе было, і ў "New-York Book Review" было надруквана. Што я для сабе не лічe магчымым ніякае супрацоўніцтва з адміністрацыяй Ельцына з гэтага моманту пачатку чачэнскай вайны. Гэта быў не прагматычны крок. Мы ў гэты момант стваралі музэй Сахарава, і ўсе мае памочнікі былі ў жаху, таму што разумелі, што мы пасьля гэтага губляем любую падтрымку з боку дзяржавы. І мы яе цяпер ня маем. Ну але нічога. Гэта быў крок, на які я лічу сябе абсалютна правамоцнай. І ніякай памылкі ў ім няма".

Алене Бонэр цяжка ўявіць, як афіцэры КГБ зьнішчаюць рукапісы акадэміка – яны ж маюць вышэйшую адукацыю. На жаль, вышэйшая адукацыя яшчэ не тоесная інтэлігентнасьці. Нехта ж зьнішчаў таксама і ў менскіх архівах справы Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа. Ва ўсялякім разе, на запыты дасьледчыкаў з КГБ адказвалі – нічога не засталося. Ці так гэта – мы, відаць, даведаемся ня хутка.

У палітычным жыцьці ўсходняй суседкі Беларусі – Расеі, цяпер адбываецца трансфармацыя вышэйшага эшэлёну ўлады знагоды абраньня новага прэзыдэнта. У апошнім, чэрвеньскім нумары часопісу "Jane's Intelligence Review" доктар Марк Галеоці дасьледуе ўплыў супрацоўнікаў спэцслужбаў у новай расейскай прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Аўтар адзначае, што афіцэры спэцслужбаў ня толькі ў Радзе Бясьпекі, але і ў іншых структурах улады разбавілі выхадцаў з Санкт-Пецярбургу (аглядальнік вызначае гэтае зямляцтва як Пуцінбург). Зрэшты, і ў спэцслужбах выразна назітраецца "неўскі" сьлед – кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў і ягоны новы намесьнік Віктар Чаркесаў – з гораду на Няве.

У якой ступені можна казаць пра ўплыў спэцслужбаў на палітыку цяперашняй Расеі? "Калі Ельцын знаходзіўся пад уплывам фінансавых алігархаў, дык Пуцін можа апынуцца ва ўладзе агентаў бясьпекі", – сьцьвярджае Марк Галеоці.

І адзначае, што цяпер ФСБ знаходзіцца ў самым лепшым стане, пачынаючы з моманту распаду СССР. Гэта значыць – з 91-га году. Але Пуціну не хапае гэтай арганізацыі – ён прапанаваў стварыць адмысловую службу для барацьбы з карупцыяй, якая была б падпарадкаваная непасрэдна прэзыдэнту. Праўда, пакуль што рэалізацыя гэтай ідэі адкладзеная з прычыны нязгоды Міністэрства ўнутраных справаў.

Нягледзячы на гэта, выглядае, што ФСБ не адмовіўся ад плянаў істотна абмежаваць функцыі МУС, і, паралельна, атрымоўвае магчымасьці кантролю над ваенізаванымі сіламі.

Акрамя таго, у ФСБ створаная асобная служба кантролю над Інтэрнэтам. У лютым Пуцін падпісаў закон адносна так званых службаў апэратыўных мерапрыемстваў (скарочнана СОРМ), які дае спэцслужбам права перлюстрацыі кампутарнай пошты на тэрыторыі Расеі, а таксама маніторынгу інтэрнэт-актыўнасьці.

Што да пэрсаналіяў, дык сёньня найбольш ўпэўнена адчувае сябе дырэктар ФСБ Патрушаў. Дырэктару ж Службы зьнешняй разьведкі Вячаславу Трубнікаву, які вядомы сваёй блізкасьцю да экс-прэм'ера Яўгена Прымакова, даводзіцца пастаянна даказваць сваю вернасьць новаму прэзыдэнту. Магчыма, Трубнікаў знаходзіцца пакуль на сваёй пасадзе толькі таму, што Пуцін ня мае для замены іншай асобы, якой бы ён давяраў.

Цяпер чакаецца замена кіраўніка падаткавай паліцыі Вячаслава Салтанава Георгіем Палтаўчанкам, яшчэ адной фігурай Пуцінбургу. Марк Галеоці лічыць, што гэта будзе зроблена ў мэтах ўзмацненьня кантролю над фінансавымі магчымасьцямі апанэнтаў Крамля. У якасьці пацьверджаньня свайго прагнозу аўтар нагадвае пра тое, што маскоўская "Новая газета", адна з найбольш рэзкіх апанэнтаў Крамля, пасьля публікацыі артыкула пра тое, што Пуцін быў уцягнуты ў карупцыю ў Пецярбургу, – перажыла чатыры падаткавыя рэвізіі.

Можна было б меркаваць, піша надалей аўтар, што Пуцін рыхтуе глебу да сур'ёзнай барацьбы з карупцыяй. Аднак папярэдняя біяграфія цяперашняга расейскага прэзыдэнта прымушае сумнявацца ў наяўнасьці такіх плянаў.

Марк Галеоці ўзгадвае, што яшчэ нядаўна Пуцін працаваў намесьнікам тагачаснага кіраўніка справамі прэзыдэнта Паўла Барадзіна, якому швэйцарскія ўлады прад'явілі афіцыйнае абвінавачаньне ў карупцыі ў сувязі з так званай справай фірмы "Мабэтэкс". Пакуль Барадзін не прыцягнуты да суду. Больш за тое – ён стаў кіраўніком апарату Саюза Беларусі й Расеі.

У заявяршэньне свайго аналізу Марк Галеоці прагназуе, што пры захаваньні зьнешніх атрыбутаў дэмакратыі Пуцін будзе ўсё больш абапірацца на спэцслужбы, найперш ва ўзаемаадносінах улады і расейскага грамадзтва.

Ва ўжо прыгаданым нумары "Jane's Intelligence Review" падаецца кароткае дасье на расейскія спэцслужбы. Асабіста мне ўпершыню даводзіцца чытаць ня толькі пра іх функцыі, але і пра колькасны склад. Мяркуем, цікава гэта будзе і слухачам.

Фэдэральная служба бясьпекі, скарочнана – ФСБ. Мэта – унутраная бясьпека. Колькасьць штатных супрацоўнікаў – 76 тысячаў. Падкрэсьлім – тых, хто працуе ў штаце. Колькасьць пазаштатных – невядомая. Кіраўнік – Мікалай Патрушаў.

Служба зьнешняй разьведкі. Мэта – шпіянаж. Колькасьць супрацоўнікаў – 12 тысячаў, дырэктар – Вячаслаў Трубнікаў.

Фэдэральнае Дзяржаўнае агенцтва ўрадавай сувязі ды інфармацыі (ФАПСІ). Мэта – электронны шпіянаж і ахова інфармацыйнай бясьпекі ўраду. Колькасьць супрацоўнікаў – 54 тысячы чалавек. Генэральны дырэктар – Віктар Мацюхін.

Фэдэральная служба аховы. Функцыя палягае ў ахове кіраўнікоў дзяржавы і ўрадавых установаў. Колькасьць штатных супрацоўнікаў – 23 тысячы чалавек. Дырэктар – Юры Крапівін.

Галоўнае Разьведвальнае Упраўленьне Генэральнага Штабу – ГРУ (вядомае і пад назовам "Аквырыюм"). Функцыя – ваенная разьведка.
Колькасьць штатных супрацоўнікаў – 12 тысячаў чалавек.
Узначальвае ГРУ генэрал-палкоўнік Валянцін Карабельнікаў.

Такім чынам, агульная колькасьць толькі штатных супрацоўнікаў гэтых спэцслужбаў складае 200 тысячаў чалавек.

Акрамя іх існуюць яшчэ – Міністэрства ўнутраных справаў, падаткавая паліцыя і памежная служба.

Усе спробы даведацца пра колькасьць спэцслужбаў у Рэспубліцы Беларусь скончваюцца бязвынікова. Беларускія падтакаплацельшчыкі да гэтага часу ня ведаюць, колькі капітанаў, маёраў ды палкоўнікаў у цывільным яны ўтрымліваюць.