“Адзінаццаць год не плачу за жыльлё — а мяне толькі палохаюць судом...”

Валянцін Жданко, Менск

Магчымасьць зьмены ўлады ў Беларусі пакуль што выглядае даволі цьмянай і няпэўнай. Але асобныя нашы слухачы ўжо задумваюцца над пытаньнямі, якія звычайна паўстаюць перад пераможцамі: ці гатова беларуская апазыцыя ўзяць на сябе адказнасьць за дзяржаву; ці ёсьць у яе дзеля гэтага неабходны кадравы патэнцыял? Вось якімі думкамі з гэтай нагоды дзеліцца ў сваім новым лісьце на Свабоду наш даўні баранавіцкі слухач Алесь Марціновіч. Ён піша:

“Дапусьцім, адбылося тое, чаго дэмакраты так дамагаюцца: выканаўчая і заканадаўчая ўлада ў Менску апынулася ў іх руках. Але ж уся сыстэма кіраваньня застанецца запоўненай старымі кадрамі. Адкуль дэмакраты возьмуць дасьведчаных і падрыхтаваных адмыслоўцаў, каб замяніць дзясяткі тысячаў чыноўнікаў? Што, Хамайду і Плешчанку — у мэры Віцебска?

Між тым, пасьля доўгіх гадоў экспэрымэнтаў Аляксандра Лукашэнкі запатрабуецца вельмі хуткая пераробка ўсёй сыстэмы. Па многіх пазыцыях за год трэба будзе зрабіць тое, што многія посткамуністычныя суседзі рабілі паступова гадоў пятнаццаць.

Ці будзе гісторык Лябедзька лепшым банкірам, чым будаўнік Пракаповіч? Ці справіцца настаўнік беларускай мовы і актывіст БНФ у Воршы з разгулам блатных і крыміналу, з камунальнай гаспадаркай у горадзе?

Думаю, што, баючыся імгненнага і татальнага краху, улада ня кіне на гаспадарку ўсіх гэтых энцыклапедыстаў у галіне ВКЛ з прабэнээфаўскай правінцыйнай інтэлігенцыі.

Ва ўсіх на вуснах сумная слава Пецярбурга як крымінальнай сталіцы Расеі, якім горад стаў за часы кабінэтнага юрыста, інтэлігента і дэмакрата Сабчака. Так што, сам лёс прымусіць беларускіх дэмакратаў прыцягнуць да працы старых адмыслоўцаў”,

— напісаў у лісьце на Свабоду Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Нешта я не прыпомню, спадар Марціновіч, каб хтосьці з дэмакратычных лідэраў абяцаў у выпадку прыходу да ўлады імгненна зьмяніць увесь адміністрацыйны апарат. Натуральна, зрабіць гэта ў сьціслыя тэрміны немагчыма. Ды і ці патрэбна?

Можна згадаць, зь якой камандай у свой час прыйшоў да ўлады і потым распачаў кадравыя перастаноўкі Аляксандар Лукашэнка. Гэта былі некалькі дзясяткаў чалавек. Прычым, значная іх частка потым страціла высокія пасады, а некаторыя нават перайшлі ў апазыцыю: згадайма лёсы Ціцянкова, Захаранкі, Сініцына, Ганчара, Фядуты... Асновай так званай “выканаўчай вэртыкалі” Аляксандра Лукашэнкі засталіся тыя самыя людзі са старой намэнклятуры, якія ў 94-м годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, прыклалі нямала намаганьняў дзеля ганьбаваньня гэтага ж Лукашэнкі, бо працавалі на перамогу Кебіча.

Кажуць, Вячаслаў Кебіч зь немалым зьдзіўленьнем успрыняў тое, што ягоны стары чыноўніцкі апарат гэтак лёгка перакінуўся на бок пераможцы — Лукашэнкі. Думаю, гэткай жа ілюзіяй ёсьць і тое, што цяперашняя намэнклятура нібыта цалкам адданая Аляксандру Лукашэнку і гатовая выканаць любы ягоны загад. Многія з гэтых людзей імгненна ўздымуць над сваімі райвыканкамамі бел-чырвона-белыя сьцягі, як толькі даведаюцца, што ў Менску зьмянілася ўлада. І тут жа загавораць па-беларуску, як толькі па-беларуску пачне весьці нарады новы прэзыдэнт Беларусі.

Ліст ад Мікалая Бельскага зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Слухач піша:

“Гляджу на пэнсіянэраў, якія безнадзейна спрабуюць зьмікіціць: наколькі іх аблічвае нясумленны прадавец з дапамогай дапатопных мэханічных вагаў. І здаецца мне, што хутчэй у Беларусі зьявіцца яшчэ адзін лядовы палац, чым людзі ў непэрспэктыўных вёсках змогуць бачыць на сучасных вагах вагу і кошт сваіх пакупак. На словах улада нібыта клапоціцца аб простых людзях, прыцягвае да адказнасьці злодзеяў. А для вясковага чалавека, можа, самы галоўны злодзей — гэта той, які бессаромна адбірае сотню-другую ад ягонай жабрацкай пэнсіі з дапамогай гэтых старажытных вагаў”,

— напісаў у лісьце на Свабоду Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

Ня толькі для занядбаных вёсак, спадар Бельскі — нават для буйных гарадоў і для сталіцы актуальная гэтая праблема. Менскія ўлады яшчэ пяць год таму забавязалі ўсіх гандляроў замяніць старыя мэханічныя вагі савецкай вытворчасьці на сучасныя электронныя. Загад выканалі нібыта ўсе. Але і да сёньня на многіх рынках і, нават, у некаторых крамах застаюцца ранейшыя вагі. “Новыя зламаліся”,— хітравата ўсьміхаецца гандляр, калі спытаеш у яго пра гэта. Напэўна, гэтак жа апраўдваюцца і гандляры спажывецкай каапэрацыі ў вёсках. Адабраць ад іх гэтыя вагі — гэта, сапраўды, адабраць незаконны прыбытак, здабыты махлярствам. Напэўна, калі зьнікнуць гэтыя савецкія вагі — толькі тады і адбудзецца канчатковае разьвітаньне з сыстэмай савецкага гандлю, сымбаль якой — не прыязная ўсьмешка гандляркі, а грубы вокрык: “Вас многа, а я адна!”.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Фрагмэнт ліста ад Івана Паплаўскага з Лагойску. Адзінаццаць год таму пасаду спадара Паплаўскага (а працаваў ён прарабам на будоўлі) скарацілі. Скарацілі, як лічыць слухач, незаконна. З таго часу спадар Паплаўскі безвынікова дамагаецца, каб яго справу разгледзеў суд. А ў судах чамусьці ягоныя скаргі прымаць да разгляду ня хочуць. Але найбольш цікавым у лісьце мне падаўся расповед спадара Паплаўскага не пра гэтую досыць заблытаную гісторыю, а пра невялікі эпізод, які, як лічыць слухач, зьвязаны з усімі ягонымі бедамі. Цытую ліст:

“2-га красавіка ў маім пакоі ў інтэрнаце адключылі ваду. Напэўна, з той прычыны, што я не плачу за пакой. Прытым, не плачу ўжо адзінаццаць год. Няма ні ордэра, ні дамовы на арэнду мной гэтага памяшканьня. Было ўжо больш як дваццаць пісьмовых папярэджаньняў аб тым, што пададуць на мяне ў суд за няўплату. Я кажу: падавайце, я ўжо адзінаццаць год пра тое прашу. Але ж не падаюць. Я ўпэўнены: “зьверху” загадана не падаваць. Баяцца, што я гэткім чынам дайду да Эўрапейскага суду, і многім давядзецца трапіць да Мілошавіча”,

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Іван Паплаўскі з Лагойску.

Выглядае, спадар Паплаўскі, што Вам трэба быць вельмі ўдзячным адміністрацыі таго інтэрната, якая церпіць Вас ужо адзінаццаць гадоў, не спаганяючы грошай за пакой. Можна толькі зьдзіўляцца іхнай цярплівасьці. А ўвогуле, і тое, што справу аб Вашым звальненьні дагэтуль не разгледзеў суд, і тое, што Вас дваццаць разоў папярэджвалі аб высяленьні, а ў суд не падаюць — сьведчыць пра тое, наколькі недасканалая ў Беларусі судовая сыстэма і як не прывыклі людзі вырашаць усе свае спрэчкі з дапамогай судзьдзі.

Цікавымі ўспамінамі падзяліўся ў сваім лісьце наш даўні слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Мой бацька Даніла Сац сустрэў заканчэньне вайны ў Нямеччыне, на Эльбе. Вярнуўшыся з фронту, у 46-м годзе ажаніўся, прыкупіў хатку на хутары, засеяў поле жытам. Неўзабаве нарадзілася дзіця. І вось у жніўні 49-га году на хутар заявіліся чырвоныя фашысты (прабачце, інакш я назваць іх не магу). Пагрузілі ўсе да аднаго снапы, бульбу, забралі ўсё, што толькі можна (нават пяць курыц). Усё гэта, сказалі, забіраюць у якасьці падатку. А сям’я пачала галадаць. Мой старэйшы брат памёр, калі яму было два гады — ад дыстрафіі (не было чым карміць).
Бацька і маці цудам засталіся жыць — дапамаглі бацькавы сябры. Бацька мне ўсё сваё жыцьцё нагадваў, каму ён абавязаны жыцьцём — гэта адзін жыхар вёскі Боркі, які дапамог яму хлебам.
Як я, ведаючы такое, магу маўчаць, назіраючы, што Беларусь цягнуць у абдымкі Расеі? З Расеі да нас прыйшло ўсё ліха — і бальшавікі, і калгасы, і ГУЛАГ, і НКВД”,

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Такімі ж (ці падобнымі) успамінамі, спадар Сац, у Беларусі могуць падзяліцца сотні тысячаў семя’ў. Гвалт, зьдзек, злачынства над людзьмі і людзкасьцю былі ўчыненыя вялізныя. Многія з былых энкавэдыстаў, камітэтчыкаў, партыйных сакратароў дагэтуль жывыя: атрымліваюць немалыя пэнсіі, на школьных сходах распавядаюць пра сваё, так бы мовіць, “гераічнае мінулае”, засядаюць у прэзыдыумах...

Найбольш сумна, што ніводнага суда над тымі, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, ні ў Беларусі, ні ў Расеі не было. Наадварот, беларуская ўлада усяляк падкрэсьлівае сваю сувязь з камуністычнымі папярэднікамі, замоўчвае або ігнаруе праўду пра злачынствы камуністычнага рэжыму. У Курапатах, якія сталі сымбалем народнага гора і бальшавіцкіх злачынстваў, дагэтуль няма годнага мэмарыялу. Гэта ня толькі несправядліва, але і небясьпечна: не асудзіўшы злачынцаў, не дамогшыся пакаяньня, грамадзтва рызыкуе сутыкнуцца з паўтарэньнем мінулага.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сяргей Магонаў з Кобрыня, Андрэй Паско зь Берасьця і Галіна Вахт з эстонскага мястэчку Торва.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі шэраг допісаў на конкурс “Мая Свабода”, прысьвечаны 50-гадоваму юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Свае развагі і ўспаміны нам даслалі Тацяна Шаблыка зь вёскі Аляхновічы Маладэчанскага раёну, Робэрт Багарадаў з Наваполацку, Аляксандар Паплаўскі зь Берасьця, Сяргей Шаміёнка зь Менску, Анастас Семяновіч зь мястэчку Бараўляны Менскага раёну і Міхаіл Лысевіч зь Ліды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by.