Беларусь разам з усім хрысьціянскім сьветам адзначае Вялікдзень. Яшчэ нядаўна, пятнаццаць год таму, вялікае хрысьціянскае сьвята было пад забаронай. Школьнікаў ушчувалі за прынесеныя ў клясу фарбаваныя яйкі, а камсамольцаў лаялі на сходах за наведваньне царквы ці касьцёлу. Канчатковаша разьвітаньня з тымі часамі, як сьведчыць нашая пошта, у беларускім грамадзтве не адбылося і да сёньня. Вось што піша наш слухач Віталь Каско з Маладэчанскага раёну:
“Семдзесят год атэізму для нас не прайшлі бясьсьледна. Былой веры ў народу няма. Яшчэ жывыя многія з тых злачынцаў, якія нішчылі цэрквы, сьпілоўвалі крыжы, ператваралі храмы ў сьвінарнікі, арыштоўвалі й расстрэльвалі сьвятароў... Ці прыцягнуты хоць адзін зь іх да крымінальнай адказнасьці? Думаю, калі бы людзі масава запатрабавалі гэтага ад улады — злачынцаў знайшлі бы і пакаралі бы. Чытаеш творы 19 стагодзьдзя, глядзіш старыя фільмы — захапляесься тым, якія набожныя былі людзі, як квітнелі манастыры і цэрквы, як прыгожа адзначалі вялікія хрысьціянскія сьвяты, асабліва Вялікдзень. А што цяпер? Любое сьвята для большасьці людзей — гэта нагода для п’янага застольля, і толькі”.
Ваяўнічы атэізм, які гвалтам укараняўся ў дзяржаве бальшавіцкай уладай, сапраўды, меў трагічныя наступствы для ўсіх канфэсіяў. Цяперашняя беларуская ўлада ўсяляк падкрэсьлівае сваю пераемнасьць з уладай савецкай. Але за мінулае дзесяцігодзьдзе ніхто зь беларускіх кіраўнікоў нават не згадаў пра гістарычную, маральную і матэрыяльную адказнасьць за тое, што ўчынілі папярэднікі.
Напэўна, і сама царква павінна была бы не замоўчваць гэтай праблемы, прыніжальна просячы ў чыноўнікаў ільготаў і грошай на аднаўленьне і будаўніцтва храмаў. А ўголас запатрабаваць ад улады пакаяньня за вялікія грахі мінулага, прыцягненьня да адказнасьці тых, хто вінаваты ў злачынствах супраць царквы, і фінансавай кампэнсацыі за адабраную, раскрадзеную ды зьнішчаную царкоўную маёмасьць. Думаю, што гэта паўплывала бы на аўтарытэт царквы значна больш, чым ейныя пагадненьні зь міністэрствамі і ведамствамі ды стварэньне з ласкі ўладаў камэрцыйных фірмаў.
Наш даўні слухач Міхаіл Леках з Рыгі разам зь лістом даслаў публікацыю з маскоўскай “Новой газеты”, якую перадрукавалі некаторыя латвійскія выданьні. У артыкуле паведамляецца пра тое, што Менскі аўтамабільны завод адкрывае свае зборачныя вытворчасьці ў Латвіі і Літве. Міхаіла Лекаха закрануў камэнтар, у якім аўтар заметкі піша: “Магчыма, кіраўнікі Літвы і Латвіі скажуць Лукашэнку дзякуй за тое, што праз ягоную “мудрую” эканамічную палітыку ў іхных дзяржавах зьяўляюцца новыя працоўныя месцы і новыя вытворчасьці. Што скажуць працаўнікі Менскага аўтамабільнага заводу — можна здагадацца. Наўрад ці гэта будзе што-небудзь цэнзурнае”. Міхаіл Леках з нагоды прачытанага піша:
“Гэтая заметка разьлічаная хіба што на малапісьменных людзей. Зборку аўтамабіляў у іншыя краіны пераносяць многія аўтамабільныя заводы (напрыклад, нямецкія — у Польшчу, амэрыканскія — у Азію). І робяць гэта таму, што ім эканамічна выгадна. Падобным жа чынам паступілі і беларускія аўтамабілебудаўнікі. Зборка на тэрыторыі Латвіі і Літвы дасьць магчымасьць прадаваць МАЗы ў краінах Эўразьвязу таньней, бо ня трэба будзе плаціць мытных збораў. Такім чынам, гэта выгадна ўсім — і Беларусі, і Латвіі, і Літве. У іншым выпадку магла скласьціся сытуацыя, пры якой сабраныя ў Беларусі МАЗы не ўдалося бы прадаць у краінах Эўразьвязу з прычыны высокіх мытных пошлінаў”.
МАЗ, сапраўды, бярэ прыклад з заходніх аўтамабільных канцэрнаў, разьмяшчаючы за мяжой свае зборачныя вытворчасьці. Прычым, робіць гэта ўжо ня першы год. Напрыклад, у 1997 годзе мне давялося прысутнічаць на адкрыцьці такога зборачнага заводу МАЗу ў Польшчы, недалёка ад прыморскага гораду Слупску. Пастаўка ў Польшчу не гатовага аўтамабіля, а так званага “машынакамплекту” (аўтамабіля ў разабраным выглядзе) істотна ўплывае на цану, — за кошт мытаў. Увогуле, МАЗ мае падобныя зборачныя вытворчасьці ў дзясятку краінаў (у т.л. у Сырыі, Эгіпце, Украіне). Гэта робіцца найперш дзеля захаваньня рынку. Дробныя зборачныя вытворчасьці ствараюць усе буйныя канцэрны: так рабіў, напрыклад, “Форд”, стварыўшы ў сярэдзіне 1990-х гадоў завод пад Менскам. Але той праект аказаўся ня вельмі ўдалым, і яго давялося хутка згарнуць.
Ліст ад Часлава Хвайніцкага са Смаргоні. Слухач піша:
“Вельмі добра, што некаторыя праграмы Радыё Свабода паўтараюцца некалькі разоў. Гэта дае магчымасьць пачуць іх большаму колу слухачоў. А асобныя праграмы (для мяне гэта гістарычная тэматыка) хочацца слухаць і два, а то і тры разы. Люблю слухаць “Жывую мову”, дзе спадар Бушлякоў навукова-папулярна тлумачыць, як правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску. Даволі прафэсійна, аб’ектыўна, гістарычна апраўдана камэнтуе лісты слухачоў Валянцін Жданко. Толькі мне здаецца, што трэба чытаць усе лісты. А калі не чытаць, то хаця бы сказаць два словы пра зьмест. Нават калі піша чалавек, абалванены марксізмам-ленінізмам альбо скалечаны бальшавізмам. Няхай народ ведае, што ёсьць яшчэ ў нас такія людзі. Пачуць свае думкі па Свабодзе для іх – як бальзам для рэанімацыі. Вядома, запаўняць усю праграму такімі лістамі ня варта. Калі іх надта многа — накіроўвайце ў “Навінкі”, няхай там чытаюць”.
Сапраўды, спадар Хвайніцкі, сустракаюцца такія лісты, цытаваць якія ніяк не выпадае. Трапляюцца і лаянка, і яўныя заклікі да нацыянальнай нецярпімасьці, і сур’ёзныя абвінавачаньні канкрэтных асобаў у злачынствах і злоўжываньнях, і недасканалыя літаратурныя спробы... Пераказваць усяго гэтага ў эфіры мы ня можам.
Наступны ліст — ад слухача, які раней падпісваўся псэўданімам і прасіў не ўказваць свайго дакладнага адрасу. Але цяпер ён вырашыў адмовіцца ад ананімнасьці:
“Я вырашыў: хопіць баяцца кагосьці, ня буду больш хавацца за псэўданімам, — піша нам інвалід 2-й групы Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну. — Мне ўжо ўсё роўна: пры цяперашнім жыцьці мне доўга не працягнуць. Такім, як я, ужо даўно многае недаступна — і лячэньне, і культура, і нармалёвыя ўмовы жыцьця. Улада ў нас усё гэта даўно адабрала. Толькі начальнікам ды новым багатым цяпер добра жывецца. А нас, простых людзей, усё больш топяць у балота. І калі нічога не зьмяніць, дык адтуль нам ня выбрацца. Вельмі шкадую, што нічым не магу дапамагчы тым людзям, якія змагаюцца за свае правы і за правы ўсіх нас.
Нядаўна старшыня сельсавету аб’явіў: у каго няма новага пашпарта — тым у красавіку могуць затрымаць пэнсію, а можа, і ўвогуле не дадуць. У нашай сям’і новых пашпартоў няма. У мамы (ёй 80 год) і ў брата-інваліда старыя савецкія пашпарты. У мяне пашпарта ўвогуле няма — скралі. Адкуль нам узяць нават невялікія грошы на пашпарты, калі і так ня можам стачыць канцоў. Усе нашы жабрацкія пэнсіі ідуць на лекі ды на хлеб. Але і на гэта не заўсёды хапае. Як жыць далей? Дапамогі ад дзяржавы не атрымліваем. Калі б было здароўе — працаваў бы. Але з маім “букетам” хваробаў гэта немагчыма. Цудоўна ведаючы, якія ў мяне хваробы, нашы раённыя мэдыкі мне мала чым дапамагаюць. Калі кладзесься ў шпіталь, то трэба купляць усё сваё — і шпрыцы, і растворы, і ін’екцыі”.
Затрымаць альбо ня выдаць пэнсію на той падставе, што вы не памянялі пашпарта, сацыяльная служба ня мае права, спадар Арлукевіч. Засьведчыць асобу можа і іншы дакумэнт. Тым больш, што ў вёсцы ўсе адзін аднаго і так ведаюць. А ў сельсавеце вас, відавочна, запалохваюць, каб хутчэй закончыць пашпартызацыю — гэтага ад іх патрабуюць “зьверху”. Хоць шантаж гэты ніякім законным чынам не абгрунтаваны.
На заканчэньне — ліст ад пэнсіянэркі са Смаргоні Ірыны Трафімавай. Яна зьвяртаецца з наступным пытаньнем:
“У вашых перадачах я пачула, што маці, якая гадуе сваё немаўлятка адна, мае права на дапамогу 123 тысячы рублёў за месяц. Але насамрэч гэта ня так. Мая дачушка адна гадуе дзіця, і ёй ад цэнтру занятасьці плацяць усяго толькі 64 тысячы. Куды ні зьвярталіся — нічога невядома. Я разумею, што вы не павінны нам адказваць. Але ж вельмі просім: адкажыце, куды можна зьвярнуцца. Бо адной толькі вашай перадачы мы верым як Богу”.
Відавочна, спадарыня Трафімава, вам трэба схадзіць на прыём у свой райвыканкам, у аддзел сацыяльнай абароны. Заканадаўства ў гэтай сфэры часта мяняецца, памер выплатаў і дапамогі залежыць ад вельмі многіх абставінаў. Усё гэта можна высьветліць падчас размовы зь юрыдычным кансультантам альбо выканкамаўскім чыноўнікам, які займаецца пытаньнямі дапамогі малазабясьпечаным грамадзянам.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Пазьняк зь мястэчка Сянно Віцебскай вобласьці, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Вольга Дабжынская зь Ліды. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Вясёлых усім велікодных сьвятаў. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.